Спявачка Даліна верне паўтара мільёна долараў пакупніцы кватэры
- 6.12.2025, 9:01
Аднак усёй сумы ў яе няма.
Расійская спявачка Ларыса Даліна заявіла, што верне 112 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 1,45 мільёна долараў) Паліне Лур’е — пакупніцы яе кватэры, якую артыстка прадала пад уздзеяннем махляроў, а потым па рашэнні суда вярнула сабе. Пра гэта яна сказала ў праграме «Няхай гавораць» на Першым канале.
Ларыса Даліна адзначыла, што пакуль не мае ўсёй неабходнай сумы, але абяцае знайсці спосаб вярнуць грошы цалкам. Паводле яе слоў, у гэтай гісторыі пацярпелі і яна, і Лур’е: спявачку падманулі тэлефонныя махляры, а пакупніца так і не атрымала жыллё.
Раней адвакатка Лур’е Святлана Свірідэнка распавядала, што Даліна нібыта прапаноўвала заключыць міравую дамову і вярнуць грошы часткамі, але яе кліентка адмовілася.
Вясной 2024 года махляры, выдаючы сябе за супрацоўнікаў спецслужбаў, пераканалі Даліну, што яе банкаўскія рахункі ў небяспецы, і прымусілі прадаць кватэру, нібыта каб пагасіць «крэдыт», аформлены зламыснікамі. Спявачка прадала кватэру за 112 мільёнаў рублёў і перадала грошы кур’ерцы, якая таксама стала ахвярай падману.
Усяго ад дзейнасці банды пацярпелі некалькі чалавек, а агульная сума шкоды перавысіла 300 мільёнаў рублёў (каля 3,9 мільёна долараў). Некалькіх фігурантаў справы асудзілі на тэрміны ад чатырох да сямі гадоў.
У сакавіку 2025 года суд у Маскве прыняў рашэнне вярнуць Даліне кватэру. Лур’е спрабавала гэта абскардзіць, але суд падтрымаў спявачку як пацярпелую ад махляроў.
Пасля гэтага грамадскасць, блогеры і палітыкі пачалі рэзка крытыкаваць Даліну і настойваць, каб яна вярнула кватэру Лур’е. На фоне скандалу частка слухачоў пачала здаваць квіткі на яе канцэрты, а некаторыя выступленні адмянілі.