BE RU EN

Ваенна-марскія сілы Францыі адкрылі агонь па дронах над базай сваіх падводных лодак

  • 5.12.2025, 20:26

Над базай у Брэтані былі выяўленыя пяць дронаў.

Пасля некалькіх месяцаў з’яўлення невядомых дронаў у еўрапейскіх краінах вайскоўцы нарэшце пачалі спрабаваць іх збіваць. Французскія маракі адкрылі агонь па беспілотных лятальных апаратах, выяўленых над асабліва важным аб’ектам, дзе базуюцца атамныя падводныя лодкі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Agence France-Presse.

У чацвер увечары над базай Île Longue у Брэтані, на захадзе Францыі, былі выяўленыя пяць дронаў, паведамілі AFP у жандамерыі (яна ўваходзіць у склад узброеных сіл). Падводныя лодкі, што базуюцца там, абсталяваныя ядзернай зброяй і з’яўляюцца ключавым элементам ядзернага стрымлівання Францыі. Вайскоўцы ВМС, якія ахоўваюць аб’ект, адкрылі агонь. Інфармацыі пра тое, ці былі збітыя беспілотнікі, няма.

Інцыдэнт не паўплываў на працу базы, распачата расследаванне. Беспілотнікі ўжо былі заўважаныя ў гэтым раёне ў лістападзе, хоць і не непасрэдна над базай, паведамлялі французскія СМІ.

Неапазнаныя дроны ў апошнія месяцы таксама неаднаразова з’яўляліся ў Даніі, Нарвегіі, Германіі, Бельгіі, Нідэрландах, у тым ліку над ваеннымі аб’ектамі. Часам гэта прымушала ўлады прыпыняць працу мясцовых аэрапортаў. Еўрапейскія спецслужбы лічаць гэтыя інцыдэнты часткай гібрыднай вайны, якую вядзе Расія, але пакуль не ўдавалася ні збіць гэтыя апараты, каб пацвердзіць іх прыналежнасць, ні высветліць месцы іх запуску.

Амаль ніхто дагэтуль не аказваў узброены адпор, у тым ліку з-за няпэўнасці ў тым, якія службы і органы павінны рэагаваць на такія інцыдэнты. Толькі напрыканцы кастрычніка нідэрландскія салдаты атакавалі неапазнаныя беспілотнікі над авіябазай НАТА, дзе захоўваюцца амерыканскія ядзерныя боегалоўкі. Дроны адляцелі, і адсачыць іх не ўдалося.

Апошнія навіны