BE RU EN

КДБ прызнаў «экстрэмісцкай» кампанію, дзе працаваў зніклы Анатоль Катаў

  • 5.12.2025, 19:30

Сам палітолаг з 21 жніўня не выходзіць на сувязь.

У Беларусі 5 снежня абнавілі «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Па ініцыятыве КДБ туды ўнеслі два польскія івэнт-агенцтвы. У адным з іх працаваў зніклы экс-супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Катаў, заўважыла «Радыё Свабода».

«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызнаныя зарэгістраваныя ў Польшчы івэнт-агенцтвы Terra Group Event і SSL Production, а таксама незарэгістраваная арт-прастора «Склад бутэлек». Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 12 лістапада.

Terra Group Event арганізоўвала мерапрыемствы для ІТ-кампаній Wargaming, Softswiss і Andersen. Менавіта ў Terra Group Event працаваў Катаў перад знікненнем, адзначае выданне.

Паводле даных КДБ, да Terra Group Event і SSL Production маюць дачыненне Віталь Крывко і Андрэй Ярошэвіч, а да «Складу бутэлек» — Валянцін Бахціноў, Сяргей Салаш, Дзмітрый Бабіцкі, Аляксандра Вішнеўская, Анастасія Церашко, Валерыя Бяльская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзмітрый Каваленак і Сяргей Статкевіч.

Нагадаем, прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Катаў з 21 жніўня не выходзіць на сувязь. Паводле калег, ён паляцеў з Польшчы ў Турцыю і знік. Паліцыя паведамляла адвакатам, што Катаў праз 6–7 гадзін пасля прызямлення ў Стамбуле нібыта ўзяў рэйс на Трабзон і пасля пакінуў краіну морам.

Паводле сябра сям’і, у блізкіх Катава ёсць некалькі версій таго, што адбылося, але «яны не хочуць спекуляваць на гэтай тэме, бо маглі быць розныя сітуацыі». Катаў знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі і завочна прысуджаны да 12 гадоў.

Анатоль Катаў — былы беларускі чыноўнік і спартыўны функцыянер. Працаваў у МЗС Беларусі, Адміністрацыі Лукашэнкі, пасольстве Беларусі ў Польшчы. Таксама быў генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

У жніўні 2020 года Катаў звольніўся з пасады ў Кіраванні справамі Лукашэнкі ў знак пратэсту супраць гвалту і з’ехаў у Польшчу, дзе далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Аднак пазней адтуль сышоў. Апошнім часам працаваў у івэнт-агенцтве Terra Group і ў БФСС.

8 ліпеня 2024 года Анатоля Катава завочна прызналі вінаватым у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, кіраўніцтве «экстрэмісцкім» фарміраваннем, садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Яму прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны