«Гэта вырашальны момант у гісторыі Еўропы»
- 5.12.2025, 17:09
Швецыя ўзмоцніць падтрымку Украіны.
Урад Швецыі прыняў рашэнне аб спыненні дапамогі Танзаніі, Мазамбіку, Зімбабвэ, Ліберыі і Балівіі, якая аказвалася ў мэтах іх развіцця. Гэтыя сродкі цяпер будуць накіраваныя на падтрымку Украіны. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі шведскі міністр знешняга гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва дзеля развіцця Беньямін Дуса.
«Мы бачым, што ў наступным годзе Украіну чакае мноства выпрабаванняў. Жыхароў Украіны чакае найбольш суровая зіма з пачатку вайны. Гэта вырашальны момант у гісторыі Еўропы», — растлумачыў міністр рашэнне ўладаў каралеўства.
Аб’ём дапамогі для гэтых пяці краін павінен быў складаць 700 млн кронаў ($74,39 млн) у 2026 годзе і 900 млн кронаў ($ 95,64 млн) у 2027-м. Дзяржавы не будуць атрымліваць сродкі ад Швецыі пасля 31 жніўня 2026 года. Чакаецца, што ў выніку пераразмеркавання сродкаў аб’ём невайсковай падтрымкі Украіны з боку каралеўства складзе 2 млрд кронаў ($212,55 млн).
Раней урад Швецыі заяўляў, што бюджэт дапамогі, якая аказваецца ў мэтах развіцця краін, на працягу наступнага года будзе скарочаны з 56 да 53 млрд кронаў (з $5,95 да $5,63 млрд). Урад таксама зачыніць у Балівіі, Ліберыі і Зімбабвэ шведскія пасольствы, чыя асноўная дзейнасць была засяроджана на аказанні дапамогі.