«Расіяне пераацанілі свае сілы і паплаціліся»
- 5.12.2025, 16:03
Збройныя сілы Украіны расказалі пра сітуацыю ў Куп'янску.
Абарона Куп'янска Харкаўскай вобласці стабільная. Расійскія войскі паспяшылі з наступам, пераацанілі ўласныя магчымасці і нясуць страты ў гарадскіх раёнах.
Пра гэта расказаў начальнік упраўлення камунікацыі групоўкі Аб'яднаных сіл Віктар Трегубаў у эфіры тэлемарафону.
«Там (у Куп'янску — рэд.) наадварот — больш аптымістычна, бо расіяне моцна паспяшылі і моцна пераацанілі свае сілы», — сказаў Трегубаў.
Паводле яго слоў, расіяне спрабавалі падцягнуць рэальнасць да ўласных заяваў, але зрабілі толькі горш.
«У паўночных раёнах горада расіяне прысутнічаюць, і там яны знішчаюцца украінскімі дронамі і супрацьдзеяннямі», — адзначыў спікер.
У той жа час, паводле яго слоў, праціўнік спрабуе ўзмацніць ціск на іншых напрамках.
«Расіяне паралельна спрабуюць ціснуць на захад горада — гэта па-першае. А па-другое, спрабуюць абысці горад з поўдня і ціснуць у раёне Куп'янска-Вузлавага, выціскаць украінскія войскі з левага берага Аскола», — расказаў Трегубаў.