BE RU EN

Кім Чэн Ын вырашыў дапамагчы Пуціну афрадызіякамі

  • 5.12.2025, 14:43

Паўночная Карэя пачне пастаўкі ў РФ сродкаў для павышэння лібіда.

На тле рэзкага падзення ў Расіі нараджальнасці, якая ў гэтым годзе ўстанавіла мінімум за 200 гадоў, Паўночная Карэя пачне пастаўкі ў РФ афрадызіякаў. Як паведамляе NK News, паўночнакарэйская Korea Sobaeksu United Corporation, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўрасаюза, гатуецца наладзіць экспарт на расійскі рынак сродкаў для павышэння патэнцыі.

Паводле даных Федэральнай службы па акрэдытацыі, краснадарская фірма «Фарэс-Корё» напрыканцы лістапада падала больш за дзесятак заяў на імпарт «лячэбна-прафілактычнай прадукцыі» з КНДР. Адпраўніком пазначаная Sobaeksu, якая, паводле звестак ААН, звязаная з міністэрствам абароннай прамысловасці КНДР, якое адказвае за ракетна-ядзерныя праграмы Пхеньяна.

«Фарэс-Корё» мае намер прадаваць шэраг паўночнакарэйскіх сродкаў для павышэння патэнцыі пад уласнай маркай. Сярод заяўленых пазіцый — мака, рапсавы экстракт, маткавае малако, кардыцэпс, грыбы рэішы і горэц кітайскі, якія традыцыйна лічацца афрадызіякамі і танізуючымі кампанентамі. У іншых партыях згадваюцца дабаўкі на аснове алоэ, чырвонага дражджавога рысу, пустырніку, слівы і бэта-глюкану. Амерыканскае Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі (FDA) паведамляла, што афрадызіякі хутчэй частка фальклору, чым доказнай медыцыны. Яшчэ ў 1989 годзе FDA заявіла, што не існуе навуковых пацвярджэнняў эфектыўнасці афрадызіякаў, якія прадаюцца, для павышэння лібіда.

«Фарэс-Корё» была створаная ў ліпені 2024 года прадпрымальніцай Марынай Махатавай і мае аднаго супрацоўніка, кампанія не атрымлівае прыбытку. У тым жа гандлёвым цэнтры ў Краснадары працуе кампанія «Градыент», якая супрацоўнічае з паўночнакарэйскай Pugang Pharmaceutical. Фірма на пачатку года зарэгістравала гандлёвую марку ў Расіі, а яе «віягрападобны» прэпарат Neo Viagra ужо з'явіўся ў расійскіх анлайн-аптэках. Гэта лекі першапачаткова падаваліся як прадукт, нібыта падаўжае сэксуальнае задавальненне на 16–24 гадзіны. Аналіз паказаў, што іх актыўным інгрэдыентам з'яўляецца сілдэнафіл, як і ў арыгінальнай «Віягры», хоць склад прэпарата адрозніваецца ад арыгіналу.

Паўночнакарэйскія афрадызіякі пачнуць паступаць у Расію на тле рэзкага пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі. За 2014–24 гг., паводле даных Расстата, колькасць нараджэнняў дзяцей у краіне скарацілася на траціну, а ў мінулым годзе стала найніжэйшай з 1999 года — 1,222 млн немаўлят. У 2025 годзе было «прабіта» і гэта дно: колькасць нованароджаных скарацілася яшчэ на 3% у студзені–лютым і стала мінімальнай з мяжы XVIII–XIX стагоддзяў», пісаў дэмограф Аляксей Ракша. У адказ улады засакрэцілі дэтальную дэмаграфічную статыстыку.

Апошнія навіны