BE RU EN

Reuters: Паўднёвая Карэя прыступае да стварэння ядзерных субмарын

  • 5.12.2025, 14:19

Пасля «ўхвалення» Трампа.

Паўднёвая Карэя рэзка паскарае планы па стварэнні атамных падводных лодак пасля таго, як атрымала згоду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, паведамляе Reuters.

Як адзначае выданне, Сеул шмат гадоў імкнецца мець у сваім арсенале атамныя субмарыны. Ухваленне Трампа стала ключавым прарывам у пытанні доступу да ядзернага паліва паводле міждзяржаўнай дамовы, адзначыў адстаўны палкоўнік ВМС Мун Гін-ву.

Аналітыкі адзначаюць, што такое імкненне Паўднёвай Карэі можа выклікаць негатыўную рэакцыю з боку Кітая, а таксама падштурхнуць Японію да стварэння падводных лодак з ядзернай устаноўкай.

У Сеуле адзначаюць, што ядзерны рухавік — крытычны элемент для сачэння за паўночнакарэйскімі падводнымі пагрозамі, у прыватнасці запускам БРПЛ. Прэзідэнт Лі Джэ Мен назваў дамоўленасць з ЗША важным прарывам, які ўмацоўвае абаронную аўтаномію краіны.

Паўночная Карэя заяўляе пра ўласныя распрацоўкі атамных падводных лодак, а дзяржаўныя СМІ ўжо паказвалі субмарыну, якую прадставілі як ядзерную. Аналітыкі мяркуюць, што Пхеньян можа атрымліваць тэхнічную дапамогу з Расіі — за гэтым уважліва сочаць у Сеуле.

Паўднёвая Карэя працуе над праектам ужо шмат гадоў і, паводле ацэнак, зможа пабудаваць першую атамную субмарыну цягам прыблізна 10 гадоў. Вашынгтон ужо пагадзіўся дапамагчы з забеспячэннем ядзерным палівам — важным элементам, якога дагэтуль не ставала.

4 лістапада Паўночная Карэя выпусціла каля 10 ракет з РСЗА падчас візіту міністраў абароны ЗША і Паўднёвай Карэі — Піта Хегсета і Ан Гю-бака — у дэмілітарызаваную зону, якая падзяляе дзве Карэі.

Апошнія навіны