BE RU EN

У Мінску адкрыўся рэстаран-музей піва

  • 5.12.2025, 5:53

У ім чатыры тэматычныя залы.

На гістарычнай вуліцы Рэвалюцыйнай, у самым сэрцы Мінска, адкрыўся рэстаран-музей. Там на трох паверхах ажывае шматвяковая гісторыя беларускага піваварэння, піша Tochka.by.

Музей прадстаўлены чатырма тэматычнымі заламі. Кожнаму наведвальніку прапануюць апынуцца ў сярэднявечнай карчме з масіўнымі дубовымі сталамі, прытушаным святлом і каванымі элементамі.

Далей ідзе эпоха мадэрну: яе атмасферу ўзнаўляе рэканструяваная ўстанова канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Плыўныя лініі мэблі, мерцанне крышталёвых люстраў і гукі піяніна перанясуць у часы, калі піўная культура была сімвалам свецкага жыцця і вытанчанага густу.

Наступная зала, прысвечаная перыяду СССР, стылізаваная пад савецкі рэстаран: агітацыйныя плакаты на сценах, «Папараць-кветка» ў меню і, вядома, легендарны савецкі посуд — граняныя шклянкі і піўныя куфлі. Тут пануе дух простай і даступнай радасці, дзе піва — не далікатэс, а частка паўсядзённага побыту.

Кульмінацыя музея — трэці паверх, экспазіцыя «Летапіс завода: ад 1876 да нашых дзён». Гэта сэрца праекта Lidbeer, цалкам прысвечанае гісторыі Лідскага піваварнага завода. Госці прасочаць увесь шлях прадпрыемства: ад яго заснавання ў 1876 годзе лідзкім мяшчанінам Носелем Пупко да статусу флагмана індустрыі.

У экспазіцыі прадстаўлены эксклюзіўныя архіўныя матэрыялы, асабістыя рэчы заснавальнікаў, піўныя этыкеткі і ўзоры сучаснай прадукцыі.

У музеі даступнае браніраванне экскурсій двух фарматаў: з дэгустацыяй напояў і з напоямі і стравамі беларускай кухні розных эпох.

Апошнія навіны