Фінскі завод, які выпускаў Mercedes, пачне выпускаць бранятэхніку
- 4.12.2025, 22:57
Ужо ў наступным годзе.
Завод фінскай кампаніі Valmet Automotive, які вырабляў аўтамабілі Mercedes, пачне выпускаць бранятэхніку абароннай кампаніі Patria. Пра гэта паведаміла прэс-служба Patria.
«Кампаніі Patria Land Oy і Valmet Automotive Oyj дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы перадачы тэхналогій, звязаных з вытворчасцю браняваных машын, а таксама аб вытворчасці першых узораў такой тэхнікі», — гаворыцца ў паведамленні.
У кампаніі ўдакладнілі, што супрацоўніцтва па перадачы тэхналогій пачнецца неадкладна. Першыя браняваныя аўтамабілі Patria будуць вырабленыя на заводзе Valmet Automotive ў Уусікаупункі ў другой палове 2026 года.
Прадпрыемства, якое выпускала аўтамабілі Mercedes-Benz, апошнім часам перажывала фінансавыя цяжкасці.