BE RU EN

Сыход Лукашэнкі непазбежны

  • 4.12.2025, 22:36

Грамадства верне сабе палітычную ролю.

Палітычны аналітык «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч разважае пра тое, што будзе пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі, і адказвае на пытанні, ці чакае нас транзіт, дэлукашэнізацыя і ўмяшанне Расіі. Але ў тым, што гэты сыход адбудзецца, кажа Карбалевіч, няма ані кроплі сумневу.

Найбольш верагодны сцэнар перамен — сыход Аляксандра Лукашэнкі, піша Валер Карбалевіч для платформы «Банк ідэй». Ён адзначае, што адыход Лукашэнкі ад улады запускае палітычны працэс, які цяпер цалкам заблакаваны. У гэтым святле палітычны аналітык спрабуе змадэляваць дзеянні асноўных палітычных суб'ектаў у гэты час.

У персаналісцкай дыктатуры няма механізму перадачы ўлады, і беларускі рэжым тут не выключэнне, кажа аўтар артыкула. Сістэма створана пад аднаго чалавека, таму яго сыход прывядзе да дэстабілізацыі.

«У такой сістэме кіравання ўвесь комплекс уладных інстытутаў і механізмаў сшыты пад аднаго чалавека, па яго вобразе і падабенстве, і замкнёны на ім. У такой мадэлі персона, якая стаіць на чале рэжыму, з'яўляецца незаменным элементам. Лукашэнка — яе вузлавое звяно. Яго выпадзенне пацягне за сабой эвалюцыю рэжыму, адчыніць акно магчымасцяў», — піша Карбалевіч.

Гэта прывядзе да канфліктаў паміж створанымі інстытутамі ўлады: прэзідэнтам, парламентам, урадам, УНС, Радай бяспекі.

«Надзяленне Усебеларускага народнага сходу (УНС) канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі разбалансавала рэжым кіравання. Цяпер усе рашэнні прымае Лукашэнка, астатнія ўладныя інстытуты знаходзяцца ў замарожаным стане. А вось без яго пачнецца канфлікт паміж прэзідэнтам, урадам, парламентам, УНС, Канстытуцыйным судом», — адзначае аўтар.

Падчас вакууму ўлады, які можа ўтварыцца ў пэўны час пасля сыходу Лукашэнкі, магчымы выхад на палітычную сцэну новых сіл, у тым ліку «яго вялікасці народа», уплыў якога цяпер вынесены за дужкі і не ўлічваецца.

Але падзеі 2020 года паказалі, што беларускае грамадства мадэрнізаванае і арыентаванае на перамены.

«Грамадства перарасла дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках. Хай вымушаная эміграцыя сотняў тысяч людзей і змяніла сацыяльна-палітычныя расклады ў краіне, тым не менш у Беларусі ёсць унутраны патэнцыял для рэформаў. У кароткі перыяд непазбежнага вакууму ўлады грамадства можа зноў паспрабаваць стаць суб'ектам палітыкі», — адзначае Карбалевіч.

Новая кіроўная каманда будзе мець патрэбу ў унутранай легітымнасці, таму яна будзе вымушаная адмовіцца ад спадчыны Лукашэнкі.

«Краіна атручаная аўтарытарызмам Лукашэнкі, адбылося перанасычэнне ім, маятнік грамадскіх настрояў моцна закручаны ў гэты бок. І паводле законаў фізікі і палітыкі павінен адбыцца яго рух у процілеглым накірунку. Беларусь саспела для перамен, якім перашкаджае адзін чалавек», — заўважае палітычны аналітык.

Існуе стэрэатып, што Масква абавязкова паспрабуе ўмяшацца ў палітычны працэс і можа паставіць у Беларусі свайго кіраўніка. Але, на думку Карбалевіча, у Расіі няма ўдалых прыкладаў «імпарту» кіраўнікоў у постсавецкія краіны.

«Пачнем з таго, што ў сучаснай Расіі няма досведу і не існуе ніводнага прыкладу, калі б яна ставіла свайго пратэжэ ў краінах постсавецкай прасторы. Уключыцца ў палітычную барацьбу дзеля падтрымкі ўжо дзейнага ў гэтых дзяржавах прарасійскага кандыдата або партыі — такое адбываецца рэгулярна. Але прыслаць сюды ўмоўнага Міхаіла Мураўёва як губернатара, як гэта адбылося ў 1863 годзе дзеля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, — гэта малаімаверна», — лічыць палітычны аналітык.

Каб навязаць пераемніка, лічыць ён, патрэбныя выбары, а яны нясуць у сабе «рызыку палітычнага ўзрушэння». Новаму кіраўніку спатрэбіцца легітымнасць не толькі ад Масквы, але і ад беларускага грамадства, бо так звычайна адбываецца ў невялікіх краінах, залежных ад вялікай дзяржавы.

Валер Карбалевіч дапускае, што пры змене ўлады ў Беларусі актыўней можа паводзіць сябе і Захад, які вынес урокі з падзей апошніх гадоў.

«Захад павольна рэагаваў на палітычны крызіс 2020 года ў Беларусі, разглядаючы яго як унутраную гуманітарную праблему. Але аказалася, што нявырашанасць унутрыбеларускага канфлікту вылілася за межы краіны, ствараючы праблему рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі ў цэлым», — піша Карбалевіч.

«Беларускі палітычны крызіс набыў геапалітычнае вымярэнне, ператварыўся ў фактар міжнароднай напружанасці, — працягвае палітычны аналітык. — І пакуль ва ўладзе ў Беларусі знаходзіцца рэжым Лукашэнкі, краіна застанецца крыніцай пагроз для заходніх суседзяў».

І напрыканцы свайго матэрыялу Валер Карбалевіч падсумоўвае, што насамрэч не існуе ніякай перадвызначанасці будучага лёсу Беларусі, а перспектывы краіны залежаць ад актыўнасці ўсіх палітычных суб'ектаў, як унутры краіны, так і па-за ёй.

Апошнія навіны