Беларуска набыла згушчанае малако, але яно аказалася нечаканай кансістэнцыі
- 4.12.2025, 22:16
На прадпрыемстве пракаментавалі.
Берасцянка падзялілася ў TikTok абурэннем. Яна набыла ў краме згушчанае малако са стэвіяй Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Але змест банкі па кансістэнцыі зусім не нагадваў звыклы прадукт. «У якім месцы яно згушчанае?» — абурылася жанчына. Вось што адказала само прадпрыемства.
У роліку карыстальніца паказвае адкрытую банку, на якой напісана, што гэта «малако згушчанае са стэвіяй». Апошняя — травяністая расліна, экстракт якой выкарыстоўваюць як падсалодвальнік, піша «Зеркало».
— Што з ім не так? — кажа жанчына, набіраючы лыжкай вадкі змест банкі. — У якім месцы яно згушчанае? Вельмі дзіўна.
Дарэчы, на этыкетцы банкі ўказана, што малако «часткова абястлушчанае згушчанае стэрылізаванае са стэвіяй». У апісанні прадукту гаворыцца, што яго кансістэнцыя «адпавядае вадкім вяршкам». Праўда, гэта напісана дробным шрыфтам. На такі нюанс звярнулі ўвагу і ў каментарыях:
— На зваротным баку буйным шрыфтам прадубляваны надпіс пра тое, што малако ўсё ж згушчанае. А вось ніжэй, якраз дробным, пададзена апісанне прадукту. І тут ужо, заўважце, пазначана, што кансістэнцыя «адпавядае вадкім вяршкам».
За дзень відэа берасцянкі паглядзелі больш за 50 тысяч разоў, пад ролікам — больш за трыста каментарыяў. Многія пісалі, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо замест цукру камбінат выкарыстаў стэвію. Іншыя — падтрымлівалі аўтарку.
«Дык з чаго яна павінна быць такой жа густой, як звычайная? Яна ж без цукру».
«Гушчыня ў звычайнай згушчанкі якраз з-за цукру. А гэта, падаецца, стэрылізаванае, ды яшчэ і з цукразамяняльнікам».
«Чаго вы хочаце? Гэта іншы прадукт. Гэта не згушчанае малако з цукрам. У яго іншы смак, кансістэнцыя, і яно для іншых мэтаў».
«Дык можна было проста ў пошукавіку набраць „чаму згушчанае малако са стэвіяй вадкае?“, але ж гэта занадта складана…»
«Захацела згушчанкі паесці і пры гэтым атрымаць мінімум калорый? Гэта як рыбку з’есці і костачкай не падавіцца».
«Я таксама была ў абурэнні: «згушчанае» — ад слова «густы», а па факце — вадкае і нясмачнае».
З пытаннем наконт кансістэнцыі згушчанкі са стэвіяй журналістка «Зеркала» патэлефанавала на Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат пад выглядам звычайнай пакупніцы. У прыёмнай прадпрыемства запэўнілі: усё так і павінна быць.
— Гэта ж малако згушчанае стэрылізаванае, так? Яно і будзе такім, — растлумачыла супрацоўніца прадпрыемства. — Малако са стэвіяй такое ж, як канцэнтраванае, яно павінна быць вадкім. Тое, што густое, — гэта «цэльнае згушчанае з цукрам». Вось тое і ёсць «згушчанка».