Мізуліна: Узброеныя сілы Украіны хацелі нанесці ракетны ўдар па канцэрце Shaman у Белгарадзе
- 4.12.2025, 21:39
Узброеныя сілы Украіны нібыта планавалі ўдарыць у момант, калі на сцэне павінен быў выконвацца гімн РФ.
Узброеныя сілы Украіны нібыта планавалі нанесці ракетны ўдар па канцэртнай пляцоўцы ў Белгарадзе, дзе павінен быў выступіць спявак Яраслаў Дронаў, вядомы як Shaman. Пра гэта заявіла кіраўніца Лігі бяспечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна у Telegram-канале.
Паводле слоў Кацярыны Мізулінай, пра тое, што ўкраінскія войскі нібыта плануюць нанесці ракетны ўдар па месцы правядзення канцэрта, яны з Яраславам Дронавым даведаліся толькі па прыездзе ў Белгарад. «У гэты момант пляцоўка была цалкам ачэпленая, гледачоў не пускалі», — напісала яна.
Пазней інфармацыя пра магчымую атаку нібыта пацвердзілася, у Белгарадзе была абвешчана ракетная небяспека. Узброеныя сілы Украіны планавалі ўдарыць па канцэртнай пляцоўцы ў момант, калі на сцэне павінен быў выконвацца гімн Расіі, сцвярджае Мізуліна.
Квіткі на абодва канцэрты Shaman былі прададзеныя — наведаць мерапрыемствы павінны былі больш як дзве тысячы чалавек, напісала кіраўніца Лігі бяспечнага інтэрнэту.