Завод пасуды ў Гомелі пастаўляе баявыя дроны для Узброеных Сіл РФ
- 4.12.2025, 21:05
У абыход санкцый.
Гомельскі вытворца пасуды «Завод Сантэкс» вядзе маштабны бізнес па пастаўках кампанентаў для баявых беспілотнікаў для расійскай арміі. Пра гэта ў чацвер, 4 снежня, паведаміў Беларускі расследавальны цэнтр (БРЦ), які падрыхтаваў расследаванне сумесна з супольнасцю ананімных хактывістаў «Кіберпартызаны».
У ходзе праведзенага расследавання ўдалося высветліць, што прадпрыемства пастаўляе кітайскія дроны, а таксама тавары, характар якіх у дакументах не раскрываецца, расійскай кампаніі «Рустакт», ад якой «Завод Сантэкс» атрымаў больш за 14 млрд рублёў (у пераліку — звыш 152 млн долараў). Паводле звестак ГУР Украіны, «Рустакт» — адзін з галоўных вытворцаў FPV-дронаў для арміі РФ, якія яна выкарыстоўвае падчас вайны ва Украіне.
БРЦ адзначае, што 95 працэнтамі гэтай кампаніі валодае ўраджэнец Мінска Павал Нікіцін, які пераехаў у Расію ў 2000-х. Ён таксама з’яўляецца ўласнікам або суўласнікам каля 20 кампаній; частка з іх працуе для Мінабароны РФ, МУС Расіі і «Расгвардыі». Менавіта ён, паводле звестак расследавальнікаў, лічыцца адным з уласнікаў беларускага «Завода Сантэкс», а другім суўласнікам у 2018 годзе быў брат-блізнюк Паўла Нікіціна — Ягор.
БРЦ піша, што ў 2022–2023 гадах гэта гомельская фабрыка, садзейнічаючы абыходу санкцый, прадала ў Расію 309 дронаў кітайскай кампаніі DJI на суму 2 млн долараў. Усяго, паводле падлікаў беларускіх расследавальнікаў, 14 кампаній Беларусі з 2022 па 2025 год прадалі ў Расію звыш 20 тысяч дронаў на 34 млн долараў.
Праз «Завод Сантэкс» Нікіцін ужо пасля ўвядзення санкцый супраць Масквы таксама пастаўляў у Расію заходнія кампаненты з Чэхіі, Італіі, Польшчы і ЗША, адзначае БРЦ.
«Рустакт» са снежня 2024 года знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і Швейцарыі. Вытвораныя кампаніяй дроны-камікадзэ ВТ-40 (таксама вядомыя як «Судаплатаў») складаюць аснову ўзбраення засакрэчанага расійскага цэнтра беспілотных тэхналогій «Рубікон», якому прыпісваюць поспехі контрнаступлення расіян у Курскай вобласці, а таксама ў баях за Курскую вобласць і Пакроўск.