Калі ў Беларусі зменіцца надвор'е?
- 4.12.2025, 17:00
Пакуль сіноптыкі абяцаюць беларусам «еўразіму».
Аператыўны прагноз надвор'я Белгідрамета у апошнія тыдні стабільна аднастайны — туманы, лёгкія маразцы ўначы і ані намёку на снежаньскія снегапады. Прыблізна такія ж умовы, якія спецыялісты называюць «нормальнай еўразімой», прадказалі і на бліжэйшыя выхадныя, але папярэдзілі: неўзабаве ўсё можа змяніцца, піша Telegraf.
На пятніцу, 5 снежня, Белгідрамет чарговы раз працягнуў жоўты ўзровень небяспекі з-за густых туманаў, якія ў апошнія дні адмаўляюцца пакідаць краіну. Патэнцыйную небяспеку туманы будуць уяўляць, асабліва для аўтамабілістаў, у найбліжэйшыя двое сутак ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Пры гэтым удзень будзе даволі цёпла — ад +2°С да +8°С, але месцамі могуць прайсці невялікія дажджы.
На выхадныя Белгідрамет даў падобны прагноз, але пераважна без ападкаў (яны могуць прайсці толькі месцамі днём па Віцебшчыне), захаваюцца слабыя туманы, на дарогах можа ўтварыцца галалёдзіца, бо ўначы магчымы лёгкі мінус:
у суботу, 6 снежня, уначы ў дыяпазоне -2..+5°С, максімальная ўдзень 0..+7°С;
у нядзелю, 7 снежня, уначы ў дыяпазоне -5..+2°С, максімальная ўдзень -2..+4°С.
Аўтары тэматычнага Telegram-канала @nadvorie назвалі такія ўмовы надвор'я «нормальнай еўразімой» і папярэдзілі, што яны могуць захоўвацца яшчэ як мінімум тыдзень. Яшчэ на пачатку тыдня спецыялісты патлумачылі, што пакуль не назіраецца развіцця ўстойлівых хваль холаду з усходу, бо цяпер на значнай частцы тэрыторыі Расіі тэмпература вышэй за кліматычныя нормы.