Палітолаг: Сапраўды незалежная Беларусь магчыма толькі ў складзе ЕС
- 4.12.2025, 16:11
Калі адчыніцца акно магчымасцяў?
Былы палітвязень і апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі у сваіх зваротах да заходніх палітыкаў неаднаразова агучваў ідэю «фінскага шляху» для Беларусі — «нейтральнай, але незалежнай». Эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Грыгорый Ніжнікаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» тлумачыць, чаму гэта непрымальна для нашай краіны. Падаем інтэрв’ю з невялікімі скарачэннямі.
— Перш чым абмяркоўваць сучаснае значэнне і актуальнасць тэрміна «фінляндызацыя» для Беларусі, давайце ўспомнім, што гэты тэрмін азначае для саміх фінаў — як гістарычна, так і цяпер. Якое значэнне мела гэтае слова тады і як яно ўспрымаецца цяпер?
— За часоў Савецкага Саюза ў Фінляндыі існавала самацэнзура і проста цэнзура ў гэтым пытанні, то-бок крытыкаваць СССР, яго палітыку і адносіны з Фінляндыяй было немагчыма. Не сакрэт, што самі фіны, асабліва сёння, надзвычай негатыўна ставяцца да гэтага тэрміна — яны лічаць яго ў пэўным сэнсе прыніжальным для Фінляндыі.
Бо галоўнае ў тым, што «фінляндызацыя» — гэта абмежаванне суверэнітэту, на якое фіны ніколі добраахвотна не пагадзіліся б. Акалічнасці і час вымусілі іх да гэтага. І з сённешняга пункту гледжання «фінляндызацыя» азначала для фінаў, груба кажучы, страчаны час. 40 гадоў яны не маглі рабіць тое, што хацелі, ні ўнутры краіны, ні на знешняй арэне. Яны не маглі развівацца так, як лічылі патрэбным.
У пазітыўным сэнсе гэты тэрмін можна разглядаць толькі таму, што ўрэшце ўсё для іх скончылася добра. Калі б усё пайшло па дрэнным сцэнары, калі б Савецкая імперыя не распалася, не было б ніякага сяброўства Фінляндыі ў Еўрасаюзе. І невядома, чым у прынцыпе ўсё б скончылася.
— Магчыма, негатыўная ацэнка — гэта адлюстраванне цяперашняга часу і падзей на тле агрэсіі Расіі супраць Украіны? Але з гледзішча таго часу, можа быць, гэта быў варыянт, які дазваляў Фінляндыі ў пэўным сэнсе развівацца? Мы бачылі эканамічныя поспехі гэтай краіны, яны бралі танныя савецкія энерганосьбіты, даволі выгадна прадавалі сваю прадукцыю ў СССР.
— У фінаў не было свабоды выбару, не было іншага выбару, акрамя як зарабляць такім чынам. І калі б Фінляндыя далучылася да «плана Маршала», да Еўрасаюза, то ўзровень жыцця быў бы зусім іншым. Краіна пазбавілася б эканамічных праблем значна хутчэй.
Калі прыгледзецца ўважлівей, з пэўнага пункта гледжання можна, мабыць, знайсці і пазітыўныя бакі «фінляндызацыі». Але трэба вярнуцца да галоўнага: гэта дзяржава абмежаванага суверэнітэту. І калі б быў выбар — мець поўны суверэнітэт або абмежаваны, дык любая нацыя выбрала б незалежнасць.
Шмат фінаў ведаюць, як манеўравалі фінскія эліты, напрыклад, ужываючы «дыпламатыю саун», і ўспрымаюць гэта як данасць і вымушаную неабходнасць. Быў падпісаны савецка-фінскі дагавор, згодна з якім дзве краіны, па сутнасці, утварылі абарончы саюз. І калі б, як спадзяваўся Сталін, да ўлады прыйшлі камуністы, то мы абмяркоўвалі б «фінляндызацыю» зусім інакш. Можна сказаць, што фінам у пэўным сэнсе пашанцавала, што яны захавалі свой суверэнітэт.
— Але пяройдзем да Беларусі. У чым хіба канцэпцыі, што Беларусь павінна стаць мостам паміж Расіяй і Захадам? У той жа час, улічваючы даволі моцныя прарасійскія настроі і цяперашнюю залежнасць ад Расіі, уступаць у заходнія структуры неабавязкова.
— Гэта нерэальна. Немагчыма жыць паміж двума канфліктуючымі геапалітычнымі блокамі. Да таго ж Расія ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі. Для іх Беларусь — не Фінляндыя, яны лічаць беларусаў рускімі, а Беларусь — расійскай тэрыторыяй. А калі хто-небудзь захоча стаць «мостам», то, прабачце, апынецца пад мостам без краіны, без дому і ўвогуле без усяго.
— Вы кажаце, што Расія не пагодзіцца нават на «фінляндызацыю» Беларусі, то-бок на адносна нейтральную Беларусь. Але тады Масква дакладна не пагодзіцца на ўступленне Беларусі ў заходнія структуры.
— Беларусь павінна адстойваць свае інтарэсы. Галоўная праблема ў тым, што з рэжымам Лукашэнкі гэта не спрацуе. Для Лукашэнкі і яго рэжыму галоўнае — улада, а пры ім Беларусь страчвае суверэнітэт. Таму, думаю, варта забыць пра любыя магчымасці нешта рабіць разам з Лукашэнкам, нават не абмяркоўваць гэта.
Што да тых сіл і грамадскіх груп, якія хочуць змагацца за незалежнасць Беларусі, яны павінны разумець: сапраўды незалежная Беларусь магчыма толькі ў складзе Еўропы. Бо ў расійскім геапалітычным праекце Беларусь будзе толькі расійскім рэгіёнам.
Думаю, трэба адпаведным чынам выбудаваць стратэгію членства ў Еўрасаюзе і дзейнічаць. Ці будзе ў Беларусі такі шанец? Мы не ведаем. Але, хутчэй за ўсё, ён можа з’явіцца ў будучыні — і нам трэба над гэтым працаваць. Акно магчымасцяў адчыніцца, калі ў Расіі не будзе ні сіл, ні часу займацца беларускім пытаннем. Калі ў гэты момант мы будзем абмяркоўваць, ці быць нам новай Фінляндыяй або быць нейтральнымі, мы толькі павялічым шанцы Масквы на рэалізацыю яе планаў.