Мадонна паставіла на месца памочніка, які пераблытаў РФ і Украіну
- 4.12.2025, 15:45
Эмацыйная гісторыя.
Амерыканская спявачка Мадонна паправіла члена сваёй каманды, які пераблытаў Украіну з Расійскай Федэрацыяй.
Пра гэта ў сваім Instagram-акаунце распавяла тэлевядучая Кацярына Асадчая, якая лятала ў Злучаныя Штаты Амерыкі, каб узяць інтэрв'ю ў 67-гадовай легенды сцэны. Паводле слоў украінкі, калі яна зайшла ў пакой, памочнік Мадонны паведаміў спявачцы, што журналістка «з Расіі».
Выканаўца адрэагавала на гэтую памылку эмацыйна і пачала распавядаць усёй камандзе, што наведвала Украіну, а таксама ведае, што паміж ёй і захопніцкай Расіяй вялікая розніца:
«Я паварочваюся і кажу: «Не, я з Украіны». Яна кажа: «Вы што, не ведаеце, што Украіна і Расія — дзве розныя краіны?». І пачынае даваць вымову свайму памочніку і ўсёй групе распавядаць пра тое, як яна была ва Украіне, што Украіна — гэта асобная краіна. Што гэта незалежная і прыгожая краіна, якая ўжо даўно не Расія».
Як вядома, Мадонна адной з першых сусветных зорак адкрыта падтрымала Украіну пасля поўнамаштабнага ўварвання. Ужо 26 лютага 2022 года яна апублікавала ў сваім Instagram эмацыйнае відэа, у якім параўнала Пуціна з дыктатарамі мінулага і заклікала свет не маўчаць.
Спявачка звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам дапамагаць украінцам гуманітарна і фінансава, а таксама дзялілася кадрамі бамбаванняў мірных гарадоў, падкрэсліваючы, што ўкраінскія дзеці і сем’і маюць патрэбу ў абароне і падтрымцы.