The Telegraph: Пуцін павінен «прафінансаваць» абарону Украіны
- 4.12.2025, 15:33
Актывы РФ зменяць ход вайны.
Нішто так не агаліла слабасць Еўропы, як відовішча таго, што ЗША і Расія непасрэдна таргуюцца аб лёсе Украіны. Разваліўшы ўласныя ўзброеныя сілы і патраціўшы сродкі на раздутыя сацыяльныя сістэмы, еўрапейскія краіны цяпер плацяць высокую цану за сваю нядбайнасць.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The Telegraph.
Аўтары адзначаюць, што калі еўрапейскія лідары хочуць вярнуць сабе значнасць, у іх застаецца адзін «гіганцкі козыр».
«Цяпер каля 230 млрд еўра расійскіх дзяржаўных актываў замарожаныя ў фінансавых інстытутах Еўропы — перадусім у Euroclear у Бруселі, дзе ляжыць 185 млрд еўра.
Брытанскі ўрад заяўляе, што ў Вялікабрытаніі «завязла» яшчэ прыблізна 25 млрд фунтаў стэрлінгаў (каля 28,6 млрд еўра) расійскіх актываў. Калі б Еўропа змагла канфіскаваць гэтыя рэзервы і перадаць іх Украіне, гэта дало б тое, што ваенныя планіроўшчыкі называюць «стратэгічным эфектам», — сказана ў артыкуле.
Адзначаецца, што гэтая сума складае 140% усяго ВУП Украіны і больш як у чатыры разы перавышае яе абаронны бюджэт. Калі б Вялікабрытанія атрымала такое ж «нечаканае паступленне» прапарцыйна ўласнаму ВУП, гэта склала б каля 4 трлн фунтаў стэрлінгаў, або каля 4,6 трлн еўра.
«Таму калі б расійскія актывы можна было б мабілізаваць у такім маштабе і накіраваць на пераўзбраенне і забеспячэнне Украіны, яны маглі б змяніць ход вайны. Больш за тое — Уладзімір Пуцін стаў бы першым агрэсарам у гісторыі, якога прымусілі фінансаваць супраціў уласнай агрэсіі. Расіяне ведалі б, што менавіта іх рэсурсы купляюць кулі і ракеты, якія забіваюць расійскіх салдат», — адзначаюць у выданні.
У сваю чаргу еўрапейскія ўрады баяцца юрыдычных наступстваў падрыву права ўласнасці. Бельгія, дзе захоўваецца большая частка актываў, баіцца, што ў выпадку адмены санкцый супраць Расіі ёй давядзецца выплаціць каласальную суму.
Адзначаецца, што пры гэтым юрыдычныя і тэхнічныя рашэнні ўжо знойдзеныя: Еўракамісія прапануе ператварыць замарожаныя расійскія актывы ў «рэпарацыйны крэдыт» для Украіны. Еўрапейскі цэнтрабанк заяўляе, што не мае мандата гарантаваць такую пазыку, але краіны ЕС могуць дамовіцца ўзяць гэтую ролю на сябе. Калі саюзнікі Пуціна — Венгрыя і Славакія — выступяць супраць, у ЕС існуе механізм, які дазваляе іншым краінам рухацца далей без іх.
«Прасцей кажучы, дзе ёсць палітычная воля — там ёсць і шлях. Еўропа мусіць нарэшце сабрацца і вярнуць сабе сілу, канфіскаваўшы гэтыя актывы. Наш урад павінен паказаць прыклад, аднаасобна ўзяўшы пад кантроль расійскія дзяржаўныя рэсурсы, замарожаныя ў брытанскіх інстытутах. Калі Еўропа спужаецца гэтага кроку, ёй не варта здзіўляцца, што яе ігнаруюць», — рэзюмавалі ў The Telegraph.