BE RU EN

NYT: ЗША падзялілі «мірны план» на чатыры пакеты

  • 4.12.2025, 13:21

Украіны датычыцца толькі адзін.

ЗША падзялілі свой «мірны план» на чатыры «пакеты», кожны з якіх плануюць абмеркаваць з расіянамі. Адзін з «пакетаў» датычыцца пытанняў суверэнітэту Украіны, іншыя — эканамічнага супрацоўніцтва ЗША і Расіі, еўрапейскай бяспекі і таму падобнага.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Выданне са спасылкай на ўласныя крыніцы піша, што перамовы па гэтых чатырох «пакетах» вядуцца паралельна. Адзін з «пакетаў» — гэта пытанні ўкраінскага суверэнітэту, такія, як абмежаванне яе арміі і далёкасці ракет.

Іншыя «пакеты» — пытанні тэрытарыяльных саступак, эканамічнага супрацоўніцтва паміж ЗША і Расіяй пасля вайны, а таксама больш шырокія пытанні еўрапейскай бяспекі. Пры гэтым арыгінальны «план» утрымліваў 28 пунктаў, амаль усе з іх былі непрымальнымі для Украіны і Еўропы. Таму план быў перапрацаваны.

Але пасля гэтага сваё незадавальненне выказалі ўжо расіяне. Выданне адзначае, што такая рэакцыя расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на «мірны план» ЗША не стала нечаканасцю, паколькі яго мэты не змяніліся.

«Пуцін некалькі тыдняў таму сказаў: гэта можа заняць шмат часу — мы дасягнём нашых мэтаў; гэта можа каштаваць даражэй і цягнуцца даўжэй, чым нам хочацца, але мы гэта зробім... Я насамрэч думаю, што гэта іх менталітэт», — сказаў з гэтай нагоды дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіо.

Праблематыка пошуку міру

Пяцігадзінная сустрэча спецпасланнікаў прэзідэнта ЗША Дональда ТрампаСтыва Уіткафа і Джарэда Кушнера — з Пуціным у Крамлі стала шостай і самай доўгай сустрэчай, калі амерыканцы і расіяне абмяркоўвалі план. Менавіта па выніках сустрэчы стала вядома пра падзел мірных прапаноў на пакеты.

Украіна, са свайго боку, мае шэраг умоваў, у якіх не збіраецца саступаць. А ў Еўропе і ў Вашынгтоне пануе скептыцызм адносна поспеху мірных ініцыятыў.

«Любая дамова, якая пакладзе канец вайне, будзе балючай і несправядлівай. Здаецца, што нам яшчэ вельмі далёка да набору ўмоў, якія адпавядаюць мінімальна прымальным крытэрам Расіі і з'яўляюцца дастаткова прымальнымі для Украіны, каб Злучаныя Штаты маглі пераканаць Кіеў прыняць іх», — выказалася ваенны аналітык Defense Priorities Джэніфер Кавана.

Апошнія навіны