Бразільскі мільярдэр прыляцеў у Венесуэлу, каб заклікаць Мадуру сысці ў адстаўку
- 4.12.2025, 9:30
Візіт праходзіў таемна.
Бразільскі бізнесмен Жоэслі Батіста, суўладальнік мяснога гіганта JBS, таемна наведаў Каракас, каб паспрабаваць знізіць напружанасць паміж ЗША і прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура.
Пра гэта паведамляе (Bloomberg https://www.bloomberg.com/news/articles/2025-12-04/venezuela-latest-joesley-batista-brazil-billionaire-urged-maduro-to-leave) са спасылкай на крыніцы.
Паводле выдання, Батіста прыбыў у Венесуэлу 23 лістапада і сустрэўся з Мадура, спрабуючы пераканаць яго адгукнуцца на заклік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сысці ў адстаўку і пагадзіцца на «мірную перадачу ўлады». Візіт адбыўся праз некалькі дзён пасля тэлефоннай размовы Трампа з Мадура, падчас якой амерыканскі лідар зноў патрабаваў яго сыходу.
Крыніцы падкрэслілі: адміністрацыя Трампа ведала пра паездку, але Батіста дзейнічаў па ўласнай ініцыятыве і не прадстаўляў ЗША.
«Жоэслі Батіста не з'яўляецца прадстаўніком якога-небудзь урада», — заявіла кіравальная кампанія сям'і Batista J&F SA.
Кантэкст візіту — перыяд імклівага пагаршэння адносін паміж ЗША і Венесуэлай. Трамп пагражаў ударамі па тэрыторыі краіны пасля серыі атак ВМС ЗША на меркаваныя наркатэрэры ля ўзбярэжжа Венесуэлы і Калумбіі. Паводле ЗША, рэжым Мадуры «незаконны» і датычны да транзіту калумбійскага какаіну, што прыводзіць да смерцяў амерыканцаў.
Батіста, паводле Bloomberg, стаў чарговым удзельнікам нефармальных спробаў дыялогу, у якіх ужо задзейнічаны спецпасланнік ЗША Рычард Грэнэл, прадстаўнікі Катара, а таксама інвестары, звязаныя з нафтагазавым сектарам Венесуэлы. Усе ініцыятывы скіраваныя на недапушчэнне эскалацыі пасля больш як 20 атак на «наркасудны» і найбуйнейшага за дзесяцігоддзі ваеннага разгортвання ЗША ў рэгіёне.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо у нядаўнім інтэрв'ю засумняваўся, што Вашынгтон зможа заключыць устойлівую здзелку з Мадура, адзначыўшы, што той «неаднаразова парушаў свае абяцанні». Аднак ён прызнаў, што «спрабаваць варта».
Батіста захоўвае працоўныя сувязі як з атачэннем Трампа, так і з венесуэльскімі ўладамі. JBS валодае амерыканскай Pilgrim’s Pride, якая ахвяравала 5 млн долараў на інаўгурацыю цяперашняга амерыканскага лідара. Пры гэтым кампанія раней пастаўляла Венесуэле мяса па кантракце на 2,1 млрд долараў.
Сам Батіста, як піша Bloomberg, фігура з бурлівым мінулым. Ён удзельнічаў у найбуйнейшых карупцыйных схемах у гісторыі Бразіліі, а ў 2017 годзе стаў ключавым сведкам супраць прэзідэнта Мішэла Тэмера, запісаўшы таемную сустрэчу ў абмен на імунітэт.
Тым часам ЗША працягнулі ціск на Каракас: на наступны дзень пасля візіту Батісты Вашынгтон прызнаў наркакартэль «Картэль Сонцаў», звязаны з Мадура і высокапастаўленымі чыноўнікамі, замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй.