У Літве перахоплена больш за 84 тысячы пачак кантрабандных беларускіх цыгарэт
- 4.12.2025, 8:48
Памежнікі правялі рэйд па некалькіх раёнах краіны.
Літоўскія памежнікі правялі рэйд па некалькіх раёнах краіны і выявілі больш за 84 тысячы пачак кантрабандных беларускіх цыгарэт. Пра гэта паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
У Мажэйкяйскім раёне ў выніку вобыскаў памежнікі выявілі больш за 23,5 тысячы пачак цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі і без іх. Сярод іх былі цыгарэты Queen Menthol і NZ Gold, Marlboro Gold Original, Marlboro, Winston Blue і Marlboro Gold. Былі затрыманыя два чалавекі — абодва жыхары Літвы, а таксама дзве машыны.
Яшчэ шэсць чалавек і чатыры аўтамабілі былі затрыманыя ў Вільнюскім і Шальчынінкайскім раёнах. Падчас вобыскаў у транспартных сродках і жылых памяшканнях выяўлена 57 тысяч пачак цыгарэт з беларускімі маркамі і амаль 30 тысяч еўра наяўнымі.
У Варэнскім раёне былі затрыманыя двое мясцовых жыхароў. У іх аўто памежнікі выявілі 3560 пачак цыгарэт Minsk Capital QS і NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт гэтай партыі цыгарэт, уключаючы ўсе падаткі, што падлягаюць уплаце ў Літве, складае 18 512 еўра.
Супраць усіх затрыманых вядзецца расследаванне.