Лукашэнка: Прыбраць Пуціна — усё будзе інакш
- 31.12.2025, 17:20
Дыктатар заявіў, што на Захадзе гэта разумеюць.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у 2023 годзе нібыта адгаворваў кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна ад паездкі на саміт БРІКС у ПАР і папярэджваў яго пра «небяспеку замаху».
— Сёння ўначы я падумаў пра тое, што… Успомніў размову з Пуціным. Здаецца, гэта было перад [самітам] БРІКС у Паўднёвай Афрыцы. Чамаданы збірае. Кажу: «Ты куды?» — «Ды ты што, не ведаеш? У нас жа БРІКС». Кажу: «Ты што, сабраўся туды ляцець?» Такая сяброўская, брацкая размова. Старэйшаму брату: «Ты сабраўся туды ляцець?» — «Ну вось, прасілі, мяне ж там чакаюць». Кажу: «Ты што! Вайна ідзе!» — «Ну, яны ж не такія шалёныя ўжо, не настолькі шалёныя». Кажу: «І ты што, лічыш, што там усе ў здаровым розуме? Няма чаго туды ехаць!» Тады паляцеў Лаўроў. Можа, не таму, што я націснуў. Але я выказаў яму сваё меркаванне, — распавёў Лукашэнка.
Па яго словах, гэта «не проста была такая, ведаеш, вясковая размова»:
— Наша разведка (малайцы, апошнім часам працуюць нядрэнна) нас інфармавала. На ўзроўні там размоў, плётак з Захаду, што рыхтуецца тэрарыстычны акт супраць прэзідэнта Расіі. І я яму часта кажу: «Ну вайна ідзе, ну не трэба туды лятаць. Калі каму трэба — яны да цябе прыляцяць».
Вось ён паклікаў нас у Піцер. Яго найбліжэйшыя сябры прыляцелі туды. Прыляцяць і іншыя. І Сі Цзіньпін прыляціць, і з Ірана, з іншых краін прыляцяць людзі. Але трэба больш асцярожна. Гэтым людзям давяраць нельга, — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што «меў рацыю», калі «папярэджваў і перасцерагаў» дыктатара РФ:
— Відавочна, што ўсе яны на Захадзе разумеюць: прыбраць Пуціна — і ўсё будзе інакш. Да гэтага трэба ставіцца сур’ёзна. Я пра гэта распавядаю ўпершыню сёння, таму што не трэба быць бестурботным. Яны падманвалі, і гэта ён прызнае, пастаянна, — сказаў ён.