У Беларусі збіраюцца ўвесці новаўвядзенне, якое датычыцца беларускага рубля
- 31.12.2025, 13:10
Нацбанк распавёў падрабязнасці.
Нацбанк абвясціў пераможцу конкурсу на новы графічны знак беларускага рубля. Яго выбралі шляхам галасавання, піша «Зеркало».
«Пераможцам конкурсу на найлепшы новы графічны знак беларускага рубля стаў Васіль Шчабетун, — паведамляе Нацбанк. — Яго праца набрала максімальную сумарную колькасць балаў. Аўтар атрымае прыз — 3000 рублёў. На падставе пераможнай конкурснай працы будзе зацверджаны канчатковы варыянт новага графічнага знака беларускага рубля».
Нагадаем, у верасні гэтага года Нацбанк абвясціў конкурс на новы графічны знак беларускага рубля. Шукаюцца ідэі для арыгінальнага і пазнавальнага сімвала. Пераможца атрымае прыз у 3000 рублёў.
Ідзе гаворка пра выбар знака тыпу $, €, £ або ₽ — як у долара, еўра, фунта стэрлінгаў або расійскага рубля.
У Беларусі ўжо 20 гадоў для абазначэння сваёй валюты выкарыстоўваюцца дзве літары — Br. Аднак за гэты час гэты знак «так і не прыжыўся», — адзначаў раней намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун. Ён дапускае, што так магло адбыцца з-за складанасці або адсутнасці асацыяцыі з беларускім рублём.
«Таму было прынята рашэнне (праўленнем) абвясціць адпаведны конкурс. Гэта павінна быць нейкая адна літара, якая будзе зразумелая ўсяму міжнароднаму супольніцтву і будзе асацыявацца менавіта з беларускім рублём», — казаў Картун.