Гісторыя жыцця Андрэя Пятрова
- 31.12.2025, 10:59
Пісьменніца Югася Каляда — пра легендарнага маладзёжнага лідара.
Да дня памяці Андрэя Пятрова, былога сустаршыні «Маладога фронту», аднаго з заснавальнікаў руху супраціву «Зубр», пісьменніца Югася Каляда (Яўгенія Парашчанка) ўспамінае часы вялікіх памкненняў і цяжкіх выпрабаванняў для іх пакалення:
— Сёння, 30 снежня, — роўна год без Андрэя. Толькі праз год у мяне назапасіліся сілы напісаць нешта змястоўнае ў памяць пра яго. Справа нават не ў тым, што пры асабістай страце кожны ўспамін рэжа сэрца без нажа. Той час, калі Андрэй дзейнічаў як палітычны актывіст, — гэта час балюча ўспамінаць увогуле.
Я маю на ўвазе выбарчую кампанію 2001 года і дзень выбараў — 9 верасня. Але калі распавядаць, то трэба браць шырэй: канец дзевяностых — пачатак нулявых.
Андрэй Пятроў (як і я; як і мае найбліжэйшыя сябры, і ўвесь мой кола зносін на той час) належаў да хвалі маладзёжнага актывізму, народжанай пратэстамі 1996 года — «Гарачай мінскай вясной»: з масавымі акцыямі, масавымі арыштамі, крывавым збіццём пратэстоўцаў, перавернутай машынай міліцыі… На гэтай самай хвалі, спачатку як ініцыятыва дапамогі арыштаваным, узнікла, напрыклад, цяпер вядомая праваабарончая арганізацыя «Вясна» (спачатку яна называлася «Вясна-96»); а моладзь у Мінску самарганізавалася і заснавала «Малады фронт», які вельмі хутка ахапіў усю Беларусь; і ў верасні 1997 года МФ арганізаваў устаноўчы з’езд. Каб зразумець маштаб: на ўстаноўчым з’ездзе МФ выступаў, напрыклад, Сямён Шарэцкі. […]
Андрэй Пятроў быў з тых, хто ўвайшоў у кіраўніцтва «Маладога фронту»; фактычна, адным з яго стваральнікаў. Я знайшла і нумар «Маладзёжнага вестніка» з артыкулам Ромы Кавальчука — пра падзеі з’езду, з пералікам усіх галасаванняў і спрэчак; і фатаграфіі з першага з’езду; і нават фота Шарэцкага за трыбунай — і Пятрова ў прэзідыуме. […]
Пратэсты 96 года выклікалі вялікі ўздым, вялікія надзеі на хуткія перамены; на «маладых» ускладалі вялікія надзеі «старыя апазіцыянеры»; проста ўявіце залу палаца «Сукно», поўную моладзі з усёй Беларусі; я таксама была б абнадзееная.
Час ішоў (такім элегантным эліпсам я акрэсліла ўсю сваю маладосць з мільёнам падзей); перамены самі сабой не адбываліся; (затое адбываліся забойствы Захаранкі і Ганчара); і натуральна, што ўсе нашы чаканні былі накіраваныя на наступныя прэзідэнцкія выбары, якія мусілі адбыцца напрыканцы 2001 года. Здавалася, ну вось тады!… Людзі зноў выйдуць на вуліцы, паўторыцца 96 год… Уся наша актывісцкая дзейнасць была, па сутнасці, падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі-01. І чым бліжэй быў 2001 год, тым мацней разгараліся страсці і павышаўся градус дыскусій — а як менавіта нам змяніць уладу?
І калі старэйшыя спрачаліся вакол пытання «Домаш ці Ганчарык», то ў «Маладом Фронце» таксама ішла барацьба — у якой форме весці перадвыбарчую агітацыю, як і да каго звяртацца.
Калі я кажу «барацьба», я не перабольшваю. Занадта вялікімі былі чаканні ад 2001 года. Тады здавалася, што гэта — рэальны шанец на перамены, бо калі той бок пайшоў на палітычныя забойствы, значыць, мы павінны адказаць супрацівам як мінімум, а ўвогуле — перамагчы. Пакараць забойцу.
Таму ў «Маладом Фронце» за форму выбарчай кампаніі ішла рэальная барацьба, якую можна нават назваць расколам. Цяпер я не буду апісваць тыя падзеі падрабязна і па асобах — іх удзельнікі, у адрозненне ад Андрэя, жывыя і могуць самі іх распавесці. Я толькі адзначу, што з-за немагчымасці кампрамісу з кіраўніцтва «Маладога фронту» выйшлі Андрэй Пятроў і яшчэ некалькі чалавек; і заснавалі сваю арганізацыю. Гэтая арганізацыя называлася «Зубр».
Гісторыя «Зубра» — самай гучнай, самай яскравай і, мабыць, самай вялікай і папулярнай у Беларусі арганізацыі (ці руху), амаль ніяк не зафіксаваная для гісторыі.
У Вікіпедыі пра «Зубра» ёсць толькі маленькая нататка, якая ні пра што не гаворыць; а знайсці фота налепак «Время выбирать» у інтэрнэце немагчыма. Тым больш з адкрытых крыніц немагчыма даведацца, што да заснавання «Зубра» мае непасрэднае дачыненне Андрэй Пятроў.
Я разумею, чаму так. Не таму, што ніхто не паклапаціўся запісаць храналогію па асобах. А таму, што менавіта так і знікае гісторыя ў несвабодным грамадстве. Бо нават у гэтым допісе я не буду тэгнуць нікога з іншых удзельнікаў «Зубра». Я хачу вырваць з бяспамяцтва і вярнуць у гісторыю таго, хто ўжо сам не можа гэтага зрабіць.
«Зубр», заснаваны ў студзені 2001 года, вельмі імкліва папаўняў свае рады па ўсёй Беларусі. Я не памятаю, ці быў у Гомелі актыўны філіял «Маладога фронту», але колькасцю новых твараў у нашым «Зубры» (адкуль толькі ўзяліся! Здавалася, я ў Гомелі ўсіх ведаю) я была ўражаная.
Кампанію, якую пачаў «Зубр», называлі і «агрэсіўнай», і «шкоднай» (бо «зубры» малявалі графіці, «а гэта псуе тынкоўку і выклікае злосць людзей»), і «рэкламнай, а не палітычнай» — за яркія вялікія налепкі.
О, гэтыя налепкі! Памятаеце іх? Падзеленыя на дзве часткі «Время выбирать». Іх было столькі, што калі я ў 2012 годзе ў Мінску забірала ў жж-супольнасці «Отдам даром» пісьмовы стол, то ён быў абклеены тымі самымі налепкамі — як мой уласны стол з бацькоўскага дому.
Можаце сабе ўявіць, наколькі складана было ў 2001 годзе, без інтэрнэту, без сацсетак, дайсці ў кожны горад, у кожны дом, да кожнага чалавека? Дык вось, «Зубр» здолеў гэта зрабіць.
Але галоўнай прэтэнзіяй да «Зубра» з боку былых аднадумцаў было пытанне мовы. Напэўна, менавіта мова выбарчай кампаніі стала прычынай расколу «Маладога фронту». Надпісы на налепках былі па-руску. Руская мова была абраная прынцыпова — беларускамоўнымі заснавальнікамі «Зубра» — каб дайсці да моладзі, не заангажаванай у палітычны супраціў, які тады меў выразны нацыянальна-вызваленчы характар. А потым ужо, прыйшоўшы да ўлады, вырашаць палітычныя пытанні ў дэмакратычным парадку.
Я яшчэ раз хачу адзначыць, наколькі высокімі былі ў нас чаканні ад 2001 года. Не толькі ў «Зубра» — у ўсіх. Я ў «Зубры» не ўдзельнічала. Памятаю, летам я была на семінары ў Кіеве; і ўкраінскія ўдзельнікі здзіўляліся: «Няўжо для вас такія важныя гэтыя выбары? Дык чаму?»
Ну як — чаму? Мы сапраўды спадзяваліся, што такі неслуханы ўздым пратэстнай актыўнасці зменіць уладу! Па сутнасці, мы чакалі 2020 года.
Асобна хачу адзначыць, якую вялікую стаўку зрабіў канкрэтна Пятроў. Ён пайшоў на канфлікт і сыход з арганізацыі, ім заснаванай, — з «Маладога фронту»; стварыў рух, які шакаваў маштабам і новымі формамі супраціву ўсіх — і «старую апазіцыю», і «рэжым».