З 1 студзеня ўводзяць важнае змяненне для беларусаў, якія едуць на аўто за мяжу
- 31.12.2025, 9:58
Паездка абыдзецца даражэй.
З 1 студзеня 2026 года ў Беларусі павялічаць плату за рэгістрацыю транспарту ў сістэме электроннай чаргі на мяжы. Адпаведная пастанова апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Зеркало».
Зараз рэгістрацыя каштуе адну базавую велічыню для грузавікоў і аўтобусаў і 0,3 базавай — для легкавых аўтамабіляў, матацыклаў і мапедаў. З новага года памеры платы будуць наступныя:
1,5 базавай велічыні (67,5 рубля) — за кожны грузавы транспартны сродак і аўтобус;
0,5 базавай велічыні (22,5) — за легкавы аўтамабіль і матацыкл без браніравання даты ўезду;
15,5 базавай велічыні (697,5) — за легкавы аўтамабіль пры браніраванні даты ўезду ў пункт пропуску.
Адзначым, што з 1 студзеня вырасце таксама сам памер базавай велічыні — да 45 рублёў.
Таксама зменены парадак размеркавання сродкаў. Як і раней, 70% паступленняў «Белтаможсэрвіс» будзе накіроўваць аператарам зон чакання, а 10% — Дзяржпагранкамітэту. Аднак пры аплаце з браніраваннем даты ўезду размеркавацца будзе толькі сума ў памеры 0,5 базавай велічыні.
Акрамя таго, у правілы працы электроннай чаргі дададзены палажэнні, якія дазваляюць фізічным асобам рэгістравацца праз сайт «Белтаможсэрвіса». Колькасць легкавых аўтамабіляў, для якіх можна забраніраваць дату ўезду, будуць усталёўваць асобна для кожнага пункта пропуску сумесна з ГПК і ГТК. Пры гэтым браніраванне не будзе даступнае для легкавых аўтамабіляў, якія выконваюць міжнародныя перавозкі грузаў або пасажыраў.