Зяленскі: Трамп паабяцаў дапамогу з ППА
- 30.12.2025, 22:01
Прэзідэнт Украіны перадаў амерыканскаму калегу паперы з колькасцю, якая патрэбная Кіеву.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў яму дапамогу са сродкамі для ППА пасля таго, як быў азнаёмлены з сітуацыяй ва Украіне.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта Зяленскі сказаў, адказваючы анлайн на пытанні журналістаў у аўторак.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы з Трампам яны абмяркоўвалі ўмацаванне украінскай ППА.
«Асобны другі блок у нас быў з прэзідэнтам Трампам — пра тое, што мне вельмі патрэбная ППА. Мне вельмі патрэбныя ракеты NASAMS. Мне вельмі патрэбныя ракеты PAC-3 для «Пэтрыётаў». І я не хачу публічна гаварыць, якая ў нас цяпер сітуацыя, але я паказаў, прадэманстраваў гэта амерыканскаму боку», — распавёў Зяленскі.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «прэзідэнт Трамп сказаў, што ён мне дапаможа».
«Я яму ўдзячны за гэта. Адпаведныя паперы з колькасцю, якая нам патрэбная, і якім чынам — усё гэта я перадаў. Асобна я сказаў, што мы гатовыя ўсё гэта набыць праз праграму PURL. І тут я хачу падзякаваць еўрапейцам за тое, што яны напаўняюць гэтую праграму. І ў нас ёсць магчымасць набываць сродкі ППА. Я толькі папрасіў прэзідэнта, калі магчыма, дапамагчы нам. Чым хутчэй, тым лепш», — распавёў Зяленскі.
Ён дадаў, што такая падтрымка неабходная нягледзячы на дыпламатычныя намаганні па завяршэнні вайны, бо Расія не спыняе сваіх удараў.