Параненую сляпую сабаку знайшлі ў лесе пад Гроднам
- 30.12.2025, 17:39
Хтосьці пакінуў яе паміраць.
Сляпую старую сабаку знайшлі неабыякавыя людзі ў лесе ля Азёр. З жывёлінай да гэтага абышліся жорстка. Судзячы па ўсім, ад яе хацелі пазбавіцца.
Трагічную гісторыю, у якой яшчэ можа быць добрая развязка, распавёў партал Newgrodno.by.
На жаль, не ўсе лічаць сабаку блізкім сябрам і любімым гадаванцам. Для кагосьці гэта проста інструмент, які выконвае пэўныя функцыі. Напрыклад, ахоўвае дом.
Але ж гэта жывая істота, якая з цягам часу можа ўжо быць не ў стане дапамагаць гаспадару. Аднак не ўсе ўладальнікі хатніх жывёл гэта разумеюць.
Чытачка гродзенскага партала Юлія падзялілася падрабязнасцямі сумнага лёсу сляпой старой сабакі, жыццё якой яшчэ можна выратаваць.
«Сабака проста памірала. Судзячы па ўсім, для вернасці ёй чымсьці секанулі па шыі і, спадзеючыся, што яна так «дайдзе», кінулі ў лесе паміраць», — распавяла яна.
Учынак сапраўды бесчалавечны. На шчасце, пацярпеламу псу пашанцавала сустрэць добрых людзей. Цяпер Юлія разам з валанцёркай Аленай і ветэрынарамі робяць усё дзеля выратавання жывёліны.