Ідрыса Эльбу ўзвялі ў рыцары
- 30.12.2025, 14:53
У акцёра ёсць уласны дабрачынны фонд.
Брытанскага акцёра і музыкі сьера-леонскага паходжання Ідрыса Эльбу («Мандэла: Доўгі шлях да свабоды», «Лютэр») узвялі ў рыцары.
Як піша The Guardian, у навагоднім спісе 53-гадовага акцёра адзначылі за працу з моладдзю і дабрачынную дзейнасць. У прыватнасці, узнагарода звязаная з дзейнасцю яго фонду «Elba Hope Foundation», які падтрымлівае адукацыю, развіццё супольнасцяў, моладзевыя ініцыятывы і ўстойлівае развіццё.
Акцёр адзначыў, што ўспрымае гэтае прызнанне як магчымасць яшчэ мацней гаварыць пра неабходнасць рэальнай і доўгатэрміновай падтрымкі маладых людзей. Разам з ім высокія ўзнагароды атрымалі акцёрка, пісьменніца і камедыйніца Міра Саял, якая стала дамай, а таксама легендарныя фігурысты Джэйн Торвіл і Крыстафер Дзін.
Алімпійскія чэмпіёны 1984 года па фігурным катанні Джэйн Торвіл і Крыстафер Дзін атрымалі званні дамы і рыцара за заслугі перад спортам і валанцёрскую дзейнасць. Спартоўцы назвалі ўзнагароду кранальнай і надзвычай ганаровай, адзначыўшы, што яе ўручэнне сімвалічна супала з іх канчатковым развітаннем з лёдам сёлета.
Ідрыс Эльба нарадзіўся 6 верасня 1972 года ў Лондане ў сям'і выхадцаў з Сьера-Леонэ і Ганы. Сусветную вядомасць яму прынесла роля наркабарана Стрынгера Бела у серыяле «Дроты», пасля якой ён замацаваў статус аднаго з самых запатрабаваных брытанскіх акцёраў у Галівудзе.
Шырокай аўдыторыі Эльба таксама вядомы дзякуючы галоўнай ролі ў серыяле «Лютэр», за якую ён атрымаў «Залаты глобус», а таксама па фільмах «Тор», «Ціхаакіянскі рубеж», «Бязродныя звяры», «Атрад самагубцаў», «Мандэла: Доўгі шлях да свабоды» і «Фарсаж: Хобс і Шоў».
Акрамя акцёрскай кар'еры, ён актыўна працуе як прадзюсар і рэжысёр, займаецца музыкай пад псеўданімам DJ Big Driis і ўдзельнічае ў міжнародных сацыяльных і гуманітарных ініцыятывах. У 2019 годзе Ідрыс Эльба быў прызначаны паслом добрай волі ААН па пытаннях сельскага развіцця, а таксама з'яўляецца заснавальнікам дабрачыннага фонду Elba Hope Foundation, які падтрымлівае моладзь, адукацыю і развіццё супольнасцяў.