У МЗС Украіны патлумачылі, чаму РФ хлусіць пра «атаку» на рэзідэнцыю Пуціна
- 30.12.2025, 13:53
У Масквы няма ніякіх доказаў.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга адзначыў, што Расія не прадставіла ніякіх праўдападобных доказаў у пацверджанне слоў пра нібыта атаку на рэзідэнцыю ініцыятара вайны Уладзіміра Пуціна на Валдаі. Пра гэта кіраўнік МЗС паведаміў у сетцы Х .
«Мінула амаль суткі, а Расія дагэтуль не прадставіла ніякіх праўдападобных доказаў сваім абвінавачанням Украіны ў нібыта «нападзе на рэзідэнцыю Пуціна». І не прадставіць. Бо іх няма. Такога нападу не было», — падкрэсліў Сыбіга.
У той жа час, паводле яго слоў, ва Украіне з расчараваннем і занепакоенасцю звярнулі ўвагу на заявы эмірацкіх, індыйскіх і пакістанскіх бакоў, якія выказалі сваю «заклапочанасць» адносна нібыта «атакі».
«Гэта выклікае асаблівае здзіўленне, улічваючы, што ўсе тры дзяржавы не зрабілі ніякіх афіцыйных заяў, калі сапраўдная расійская ракета трапіла ў сапраўдны будынак украінскага ўрада 7 верасня 2025 года», — падкрэсліў Сыбіга.
Як адзначыў кіраўнік МЗС, Расія мае доўгі спіс ілжывых заяў — гэта яе фірмовы стыль. Ён нагадаў, як Расія заяўляла, што не нападзе на Украіну на пачатку 2022 года. «Яны таксама часта абвінавачваюць іншых у тым, што самі плануюць зрабіць. Іх словы ніколі не варта прымаць за чыстую манету», — дадаў Сыбіга.
Міністр перакананы, што такія рэакцыі на беспадстаўныя маніпулятыўныя заявы Расіі толькі падыгрываюць расійскай прапагандзе і заахвочваюць Маскву да далейшых звярыстваў і хлусні.
«Мы заклікаем усе дзяржавы дзейнічаць адказна і ўстрымлівацца ад рэагавання на неправераныя абвінавачанні — гэта падрывае канструктыўны мірны працэс, які апошнім часам прасоўваецца наперад», — адзначыў Сыбіга.