BE RU EN

У Беларусі зноў з’явяцца ў звароце манеты з зайцам

  • 30.12.2025, 12:19

І з іншымі жывёламі.

У Беларусі ў зварот будуць выпушчаныя васямнаццаць новых манет, паведамілі ў Нацбанку.

Нацбанк зацвердзіў сваёй пастановай (№374 ад 22 снежня 2025-га) пералік памятных манет, якія з’яўляюцца законным плацежным сродкам Беларусі і плануюцца да выпуску ў зварот у 2026-м.

Усяго будзе выпушчана васямнаццаць новых манет. У тым ліку ў звароце з’явяцца памятныя манеты, прысвечаныя юбілейным датам: 35-годдзю заснавання СНД і 80-годдзю заснавання Мінскага трактарнага завода.

Таксама запланаваны выпуск памятных манет: «Каложскі абраз Божай Маці», «Чорны бусел» з серыі «Птушка года». Зноў з’явяцца ў звароце ў 2026 годзе ў Беларусі манеты з зайцам і іншымі жывёламі: манеты «Дзік», «Казуля», «Заяц», «Качка», «Акунь», «Шчупак», «Плотка», «Карась», што ўваходзяць у серыю «Паляванне і рыбалоўства».

І яшчэ на 2026 год перанеслі выпуск шэрагу памятных манет, якія павінны былі выйсці ў зварот у 2025-м. Гэта манеты з серыяў: «Святы і абрады беларусаў» - «Дажынкі», «Беларускі народны касцюм» - «Старадарожскі строй», «Беларускія народныя казкі» - «Піліпка-сынок», «Таямніца беларускіх вод» - «Возера Нарач», «Дрэва жыцця» - «Бацька», «Міфалогія славян» - «Пярун».

Апошнія навіны