Зяленскі адказаў, пра што гаварыў бы з Пуціным асабіста
- 30.12.2025, 11:37
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што не давярае расійскаму дыктатару.
Калі б з'явілася магчымасць размовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падняў бы пытанне тэрыторый і прычын вайны.
Пра гэта кіраўнік Украіны сказаў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News.
Адказваючы на пытанне, пра што гаварыў бы з Пуціным, Зяленскі адзначыў, што ўжо падымаў гэтую тэму ў размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«Я лічу, што гэта важна. І казаў пра гэта прэзідэнту Трампу. Пытанне тэрыторый, пытанне прычын гэтай вайны, чаму ён акупуе нас», — адзначыў кіраўнік Украіны.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што не мае жадання мець зносіны з Пуціным, бо лічыць яго ворагам, аднак дапускае такую размову з меркаванняў бяспекі.
«Я думаю, было б карысна пагаварыць з ім (Пуціным) не таму, што я хачу. Я не хачу гаварыць з ім. Ён для мяне вораг. Але я лічу важным пагаварыць з ім толькі з адной прычыны — мы павінны зразумець: мы не хочам трэцяй сусветнай вайны ад Расіі», — сказаў Зяленскі.
У той жа час прэзідэнт Украіны адзначыў поўную адсутнасць даверу паміж бакамі.
«Я не давяраю яму і не буду. І ён не давярае мне, гэта відавочна. І ў гэтым праблема», — дадаў ён.
Акрамя таго, Зяленскі заявіў, што перакананы: сапраўднай мэтай расійскага дыктатара была поўная акупацыя Украіны.
«Я думаю, што яго мэтай была акупацыя ўсёй нашай тэрыторыі, усёй краіны. І я сапраўды хачу пачуць і ўбачыць, што ён не прыйдзе зноў», — падсумаваў прэзідэнт Украіны.