Прэзідэнт Нігерыі адрэагаваў на ДТЗ з удзелам Джошуа
- 30.12.2025, 10:25
Палітык асабіста патэлефанаваў былому чэмпіёну свету па боксе.
Прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу выказаў спачуванні ў сувязі з аварыяй, у якую трапіў былы чэмпіён свету па боксе Энтані Джошуа.
Цінубу асабіста патэлефанаваў Джошуа і выказаў яму спачуванні, бо ў аварыі загінулі яго двое трэнераў.
«Я пажадаў яму ўсяго найлепшага і памаліўся за яго. Ён запэўніў мяне, што ў бальніцы яму аказваюць усю магчымую дапамогу. Я таксама пагаварыў з маці Джошуа і памаліўся за яе. Яна была вельмі ўдзячная за мой званок», — напісаў прэзідэнт Нігерыі на сваёй старонцы ў Х.
Спачуванні сем'ям загінулых у аўтакатастрофе таксама выказаў міністр замежных спраў краіны Юсуф Туггар.
«Мае думкі з Энтані Джошуа пасля трагічнай аварыі на аўтамагістралі Лагас — Ібадан, у выніку якой загінулі два чалавекі і сам спартовец атрымаў траўмы.
Я выказваю шчырыя спачуванні сем'ям загінулых і жадаю Энтані поўнага і хутчэйшага выздараўлення. Яго стойкасць і ўнёсак працягваюць натхняць многіх, і ў гэты час уся краіна падтрымлівае яго. Няхай душы памерлых спачываюць з міром», — напісаў міністр у сацсетках.
Паведамлялася, што ў выніку аварыі загінулі два чалавекі — трэнеры Джошуа Латыф Аёдэле і Сіна Гамі, якія знаходзіліся на пярэднім сядзенні аўтамабіля. Сам баксёр атрымаў нязначныя пашкоджанні, яшчэ двое пасажыраў не пацярпелі.