Зяленскі пасля перамоваў з Трампам зрабіў важную заяву па Данбасе
- 30.12.2025, 9:12
Украіна не адступіць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не можа «проста выйсці» са сваіх тэрыторый, бо гэта супярэчыць заканадаўству і пазіцыі ўкраінскага грамадства.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Fox News.
«Мы не можам проста выйсці адтуль, гэта супярэчыць нашаму заканадаўству. Мы не можам проста выйсці з нашых тэрыторый. Гэта не толькі пытанне закона. Там жывуць людзі. Там жывуць трыста тысяч чалавек. Мы не можам проста страціць людзей. Мы не можам выйсці адтуль, бо сотні людзей параненыя, дзясяткі загінулі. Таму гэта не толькі пытанне закона», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі таксама адзначыў, што мірны план узгоднены на 90%. Нявырашанымі пакуль застаюцца толькі два пункты, ключавым з якіх з’яўляецца тэрытарыяльнае пытанне.
«Мы маем праблему з адным пытаннем. Гэта тэрыторыі. Гэта складанае пытанне, але нават з гэтым — з тэрыторыямі, нават нягледзячы на тое, што ў гэтым пытанні ў нас ёсць розныя погляды з расіянамі. Не з амерыканцамі, а з расіянамі», — адзначыў прэзідэнт.
28 снежня ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Фларыдзе адбылася сустрэча прэзідэнтаў Зяленскага і Трампа, пасля якой яны правялі відэаканферэнцыю з еўрапейскімі лідарамі.
Па выніках перамоваў з Зяленскім Трамп заявіў пра «вельмі вялікі прагрэс». Паводле яго слоў, нявырашаным застаецца пытанне Данбаса. Ён таксама заявіў пра гатоўнасць прыехаць ва Украіну, калі гэта дапаможа заключыць мірнае пагадненне.
Кіраўнік украінскай дзяржавы пасля перамоваў паведаміў, што мірны план узгоднены на 90%, гарантыі бяспекі Украіна—ЗША — поўнасцю. У студзені ўкраінская і амерыканская дэлегацыі правядуць новую сустрэчу, каб дапрацаваць пытанне па мірным плане, — заявіў прэзідэнт Украіны.