BE RU EN

Украінскі журналіст сустрэў дачку Пуціна ў Парыжы

  • 3.12.2025, 21:47

Яму ўдалося пагаварыць з ёй пра ўварванне РФ ва Украіну.

3 снежня журналіст ТСН Дзмітрый Святненка паведаміў у Facebook, што іх медыя знайшло ў Парыжы дачку дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна.

«Усе лавілі яе, а мы злавілі. Дачка Уладзіміра ху_ла-ла-ла-ла [як называюць Пуціна ўкраінскія ультрас] спакойна жыве ў цэнтры Парыжа. Абараняе сталіцу Францыі ад ракет. Абараняць ад ракет Кіеў адмовілася», — напісаў Святненка.

У відэа, якое ён апублікаваў, журналіст кажа жанчыне, якая хавае свой твар за маскай, што тры тыдні таму яе бацька забіў ягонага брата.

«Як вам наогул жывецца ў Еўропе, такой «ненавіснай, праклятай Еўропе»? [...] Скажыце хаця б што-небудзь. Вы падтрымліваеце яго палітыку?» — спытаў, верагодна, сам Святненка.

У апублікаваным у гэты ж дзень на YouTube сюжэце ТСН гаворыцца пра сустрэчу з верагоднай пазашлюбнай дачкой Пуціна Лізаветай Крывонагіх.

«Што яна — дачка Пуціна, яна так і не прызналася. Аднак візуальна — як дзве кроплі вады», — адзначаецца ў публікацыі.

Святненка распавёў, што жанчыну знайшлі ў маленькай галерэі ў Парыжы.

Ён таксама адзначыў, што падчас размовы з «Лізай» у яго знікла сувязь з мікрафонам, які працаваў і да размовы з ёй, і пасля.

У 2020 годзе расійскія СМІ паведамлялі, што ў Пуціна ёсць пазашлюбная дачка Лізавета, якая нарадзілася ў 2003 годзе. Маці дзяўчынкі — жыхарка Санкт-Пецярбурга Святлана Крывонагіх, мінарытарная акцыянерка банка «Расія», сцвярджалі аўтары расследавання.

27 лістапада 2024 года «Агенцтва» пісала, што дачка Пуціна жыве ў Парыжы, хаваючыся пад прозвішчамі Руднова і Розава.

Апошнія навіны