Беларуска хоча ўзнавіць копію крыжа Сафіі Мінскай
- 3.12.2025, 15:56
Што пра яго вядома і колькі гэта каштуе?
Беларуская актывістка і папулярызатарка культуры Марыя Грыц загарэлася нестандартнай ідэяй. Яна хоча, каб у беларусаў была дакладная копія крыжа Сафіі Мінскай, арыгінал якога захоўваецца ў Капенгагене. Падтрымаць ініцыятыву можа кожны ахвотны — на сайце 4fund.com адкрыты збор. У ім сказана, што крыж — адзін з найважнейшых артэфактаў нашай гісторыі, пра які мала хто ведае, — піша «Зеркало».
Марыя жыве ў Беластоку. Упершыню крыж Сафіі Мінскай яна ўбачыла ў 2024 годзе ў Нацыянальным музеі Даніі. Яна не хавае: для яе гэта было адкрыццё.
— У датчан сваё бачанне яго гісторыі, але ёсць даследаванні, якія паказваюць: існуе вялікая верагоднасць, што ён быў прывезены з Беларусі, — распавядае Марыя. — Сафія Менская пабралася шлюбам з каралём Вальдэмарам I і ў пасаг ці падарунак атрымала гэты крыж. І мне так захацелася, каб шмат людзей даведаліся, што нашая ювелірная спадчына багатая не толькі крыжом Еўфрасінні Полацкай. Акрамя таго, што гэта сакральны артэфакт, гэта яшчэ і мастацтва, пра якое мы нячаста гаворым. А гэтая традыцыя вартая ўвагі.
З таго часу ў Марыі з’явілася ідэя, што рэліквію трэба вярнуць у «свядомасць» беларусаў. У 2025-м яна перайшла ад жадання да справы. У Літве знайшла ювеліра, які гатовы ўзяцца за стварэнне рэплікі. Перш чым даць беларусцы адказ, майстар сабраў кансіліум з калег, дзе абмеркавалі кошт такой працы. Так і з’явілася сума ў 4400 еўра, пазначаная ў зборы. Гэта выдаткі на матэрыялы і працу спецыяліста.
— Майстар вельмі адказна паставіўся [да праекта]. Калі запыталася, ці будзе гэта выключна ручная праца альбо можна надрукаваць, напрыклад, на 3D-прынтэры, ён нават абразіўся, — пераказвае той размову Марыя. — Сказаў, гэты праект вымагае максімальнага набліжэння да традыцыі XII стагоддзя. Крыж складаецца з двух частак. Ён унутры полы, раней туды клалі мошчы святых.
Паводле разлікаў ювеліра, праца зойме некалькі месяцаў. У планах Марыі — каб крыж быў гатовы да жніўня. Затым артэфакт з Літвы даставяць у Данію. Да гэтага часу аўтарка праекта плануе сабраць групу беларусаў, якія разам з ёй адправяцца па артэфакт у Капенгаген. Чаму туды? Каб не толькі ўбачыць і прывезці ў Польшчу рэпліку, але і паглядзець на арыгінал.
Захоўвацца крыж Сафіі Мінскай будзе ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. У верасні там пачнецца выстава. На ёй прадставяць не толькі артэфакт, але і дакументальны фільм з ягонай гісторыяй і замалёўкамі з падарожжа беларусаў у Данію. Акрамя таго, аўтары праекта хочуць стварыць «Кнігу мецэнатаў». Туды ўнясуць імёны людзей, якія адкрыта данатылі на крыж (жадаючыя пакідаюць свае звесткі на старонцы збору), а таксама пазначаць ананімных дабрачынцаў.
— Хачу, каб усе бачылі, мы аднавілі перліну нашай гісторыі высілкамі вялікай колькасці людзей, — тлумачыць Марыя Грыц. — Пасля гэтай выставы крыж застанецца ў Музеі вольнай Беларусі. Але ёсць такая ініцыятыва «Лятучы музей». Цімафей Акудовіч — папулярызатар беларускай гісторыі, ладзіць лекцыі пра мецэнацкія здабыткі, звязаныя з нашай гісторыяй. Напрыклад, зараз у яго турнэ з мапай Радзівілаў. Мы дамовіліся, што ён будзе распавядаць і пра Крыж. Бо, як вы памятаеце, мая вялікая мэта — вярнуць памяць і пра артэфакт, і пра княжку Сафію.
Ёсць у Марыі і адказ на пытанне, чаму ў няпростыя часы беларусы павінны данатзіць на крыж, калі дапамога патрэбная былым палітвязням, якія збіраюць на «пачатак новага жыцця» ў чужой краіне або на лячэнне.
— Не думаю, што адно замяняе другое, калі шчыра. Падтрымліваць палітзняволеных, іх сем'і — гэта бясспрэчна і вельмі істотна. А я мару, што ў нас мае быць выбар, — тлумачыць сваю пазіцыю суразмоўніца. — Я не кажу: замест аднаго выбірайце другое. Але калі ў чалавека ёсць жаданне падтрымаць адно і другое — гэта цудоўна.