Беларускі рынак жылля ліхаманіць
- 3.12.2025, 12:19
Эксперт прагназуе далейшае скарачэнне продажаў.
Рэзкі рост цэн на другаснае жыллё ў 2025-м прывёў да прыкметнага ахаладжэння попыту. Па выніках года колькасць здзелак у Мінску будзе прыкладна на 15% ніжэйшая, чым у мінулым годзе. У цэлым па краіне таксама чакаецца зніжэнне гэтага паказчыка, піша выданне Myfin.by.
Што ўплывала на цэны і попыт
У 2025 годзе другасны рынак жылля наглядна паказаў, што рост цэн непазбежна сутыкаецца з абмежаванай плацежаздольнасцю пакупнікоў. У выніку колькасць здзелак у Мінску скараціцца прыкладна на 15% у параўнанні з мінулым годам. Калі ў 2024 годзе іх было зарэгістравана 22 427, то ў 2025-м чакаецца каля 19 тыс. Падобная дынаміка назіраецца і па краіне ў цэлым: замест 64 253 здзелак у 2024-м прагназуецца каля 54 000 у 2025-м, патлумачыў выданню дырэктар агенцтва нерухомасці «Эксперт» Павел Астапеня.
«Ключавая тэндэнцыя 2025 года — выбуховы рост цэн на рынку куплі-продажу жылля ў Мінску, аналагаў якому (прынамсі з сярэдзіны 2000-х гадоў) у гісторыі Беларусі не назіралася», — адзначыў эксперт па рынку нерухомасці.
На пачатку 2025 года сярэдняя цана «квадрата» ў Мінску была каля 1650 долараў, а да снежня паднялася да прыкладна 2 тыс. долараў — найвышэйшага ўзроўню з канца 2008-га. За год кошт вырас мінімум на 21%, і супастаўны рост зафіксаваны ў цэнах рэальных здзелак.
Адной з прычын гэтага ён назваў устойлівасць курса рубля да долара. А таксама змяншэнне колькасці прапаноў на рынку. Паводле розных ацэнак, яно скарацілася на 40%, прычым па ўсіх сегментах.
Трэцяя прычына — у тым, што стаўкі па крэдытах на будаўніцтва жылля былі ніжэйшыя, чым пры куплі на другасным рынку. Але яе часткова перакрываў моцны рост цэн на кватэры.
Чаго чакаць на рынку далей
«Пры захаванні цяперашняга ўзроўню цэн на рынку нерухомасці колькасць здзелак, магчыма, будзе падаць. Далейшы ж рост цэн прывядзе да істотнага скарачэння продажаў (да 1000 здзелак у месяц)», — лічыць эксперт.
Гэта звязана не толькі з цэнамі, але і з ростам аб’ёму даплаты за паляпшэнне жыллёвых умоў. Пераход з «аднапакаёўкі» на «двухпакаёўку» ў Мінску стаў каштаваць удвая даражэй, чым раней.
Павелічэнне прапановы, напрыклад у сувязі з забудовай раёна Зялёны Бор, дазволіць аслабіць ціск на рынак з пункту гледжання цаны.
«Патэнцыйнае павелічэнне прапановы на рынку арэнды таксама дазволіць скарэктаваць цэнавую сітуацыю на рынку куплі-продажу ў бок прымальнага балансу цэн і пакупніцкай здольнасці. Іншая справа, што ўсе гэтыя разважанні не азначаюць, што сітуацыя на рынку стабілізуецца адразу. Хутчэй за ўсё, пошук балансу на рынку будзе адбывацца на працягу ўсяго 2026 года», — падсумоўвае эксперт.