BE RU EN

Sky News: Місія Уіткофа ў РФ скончылася правалам

  • 3.12.2025, 11:43

Турыстычны візіт, а не шлях да міру.

Перамовы спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа і зяця Дональда Трампа Джарэда Кушнера з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Крэмлі 2 снежня, падаецца, не наблізілі завяршэнне расійска-ўкраінскай вайны. Пра безвыніковыя перамовы распавёў маскоўскі карэспандэнт Sky News Айвор Бэнет.

Паводле яго слоў, у Маскве пасланцаў Трампа сустракалі як VIP-персан. Для іх расіяне арганізавалі картэж з аэрапорта і абед у «мішленаўскім» рэстаране. Таксама Уіткоф і Кушнер паспелі пагуляць на Чырвонай плошчы.

«Здавалася, што Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер ішлі хутчэй турыстычнай сцежкай, чым шляхам да міру», – адзначыў Бэнет.

«Праз больш як шэсць гадзін пасля прыбыцця ў Расію яны нарэшце прыступілі да справы ў Крэмлі. І да таго моманту ўжо было зразумела, што адзінае, дзеля чаго яны прыехалі ў Маскву, ім там не прапануюць: згоду Расіі на іх апошні мірны план», - дадаў журналіст.

Карэспандэнт Sky News заявіў, што Расія хоча вярнуцца да 28-пунктовага мірнага плана, які ўлічвае патрабаванні Масквы. І ў Крэмлі ўпэўнены, што маюць права дыктаваць умовы з-за сітуацыі на полі бою.

«Невыпадкова, што напярэдадні візіту дэлягацыі ЗША ў Маскву Расія абвясціла пра нібыта захоп Пакроўска, ключавой стратэгічнай мэты ў Данецкай вобласці. Гэта было пасланне, прызванае замацаваць дамінаванне Расіі і, як вынік, узмацніць яе патрабаванні, а не аслабіць іх», – гаворыцца ў матэрыяле.

Бэнет таксама назваў яшчэ адну прычыну, паводле якой Пуцін не збіраецца ісці на якія-колечы кампрамісы. Ён можа лічыць, што інтарэсы ЗША і Расіі супадаюць. І Масква, і Вашынгтон, на перакананне дыктатара, імкнуцца да ўсталявання больш цесных адносінаў паміж дзвюма краінамі, што можа адбыцца толькі пасля заканчэння вайны.

«У ходзе гэтага працэсу ЗША раз за разам займалі пазіцыю, якая спрыяе Маскве. Тое, як вядзуцца гэтыя перамовы, — толькі апошні прыклад. Амерыканцы прымушаюць украінцаў прыязджаць да іх – спачатку ў Жэневу, потым у Фларыду. Што да Масквы, то тут усё наадварот. Уіткоф рады здзейсніць доўгую начную паездку, а затым доўга чакаць аўдыенцыі ў Пуціна. Зноў і зноў у гэтым працэсе ЗША па змаўчанні займаюць пазіцыю, якая спрыяе Маскве», - адзначае Бэнет.

«Усё гэта стварае ўражанне, што, калі справа датычыць Расіі, ЗША аддаюць перавагу задобрываць, а не аказваць ціск», - дадаў ён.

Паводле дадзеных Крэмля, Расія і ЗША дамовіліся не раскрываць падрабязнасцяў учарашніх перамоў у Маскве.

«Сумняваюся, што Уладзімір Зяленскі поўны надзей», - рэзюмаваў карэспандэнт.

Апошнія навіны