У Брэсце зладзілі парад са святаром і дзецьмі дзеля QR-кода
- 3.12.2025, 11:30
Школьнікаў паставілі ля сцяны, пакуль чыноўнікі «ўрачыста» адкрывалі таблічку.
У Брэсце ў межах праекта «Лічбавая зорка» адкрылі чарговую таблічку з QR-кодам. На гэты раз — пад мемарыяльнай дошкай маршала СССР Георгія Жукава, якая знаходзіцца пры ўваходзе ў гімназію № 6 у Паўднёвым мікрараёне, піша BGmedia.
Школьнікаў прымусілі стаяць «па стойцы «смірна»» падчас адкрыцця таблічкі
Звычайнай усталёўкі таблічкі з QR-кодам было мала, таму з гэтага зрабілі паказушнае мерапрыемства, назваўшы яго памятным. У ім паўдзельнічалі чыноўнікі і, судзячы па фатаграфіях, мясцовы святар. Навошта ён там патрэбны, невядома.
А вучняў гімназіі вывелі на вуліцу і паставілі ў рад. Дзве вучаніцы і ўвогуле стаялі пад таблічкай па стойцы «смірна». Відаць, ахоўвалі.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Ала Ульяніцкая заявіла падчас гэтага мерапрыемства, што «захаванне гістарычнай памяці з’яўляецца адной з аснов духоўных і культурных традыцый беларускага народа, якая забяспечвае неразрыўную сувязь паміж мінулым і сучаснасцю на шляху міру і стварэння».
Звычайна такія таблічкі ўсталёўваюць спакойна і без лішняга шуму. Гэта зручны спосаб даведацца больш інфармацыі пра чалавека або нейкую падзею. Але ў ідэалагічным парадку дня нават таблічка становіцца прычынай для пратакольнага рытуалу.
Бо трэба нешта адкрыць. І дзесьці адчытацца.
Брэсцкія жыхары, якія ўбачылі ў сацсетках гэтую навіну і фатаграфіі, не стрымаліся.
«Штосьці я спачатку падумаў, што новую мемарыяльную дошку павесілі. А тут, аказваецца, усяго толькі таблічку з QR-кодам знізу прыкруцілі да сцяны».
«Урачыстае адкрыццё таблічкі? Урачыстае? Сур’ёзна?»
Што за праект «Лічбавая зорка»
«Лічбавая зорка» — гэта праект БРСМ па ацыфроўцы памятных мясцін як на тэрыторыі Беларусі, так і па ўсім свеце, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле задумы ўладаў, праект накіраваны на «фармаванне духоўна-маральных, грамадзянскіх якасцяў асобы, на развіццё цікавасці і павагі да помнікаў баявой славы, якія ўвекавечылі трагічныя і гераічныя падзеі мінулага».
Знакавым мясцінам прысвойваюць QR-код, праз які можна перайсці на сайт праекта з інфармацыяй пра падзеі, што там адбываліся. Натуральна, з пункту гледжання цяперашніх уладаў.
Вядома, што да 3 мая 2024 года ў Брэсце адкрылі 15 такіх таблічак з QR-кодамі. А з таго часу прайшло паўтара года. Можна ўявіць, колькі за гэты час адкрылі яшчэ.