WP: Перамовы па «мірным плане» набылі іншы тон
- 3.12.2025, 10:55
Чаму сустрэча ў Крэмлі не прынесла выніку?
Учора амерыканская дэлегацыя сустрэлася з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Крэмлі для важных перамоў па абноўленым мірным плане па Украіне, да якога Белы дом ставіцца «вельмі аптымістычна».
Як піша The Washington Post (WP), у склад амерыканскай дэлегацыі ўпершыню ўвайшлі зяць прэзідэнта Дональда Трампа Джарэд Кушнер, а таксама спецпасланец прэзідэнта Стыў Уіткоф.
Перамовы цягнуліся амаль пяць гадзін. Аднак, як заявіў па іх выніках Юрый Ушакоў, галоўны памочнік Пуціна па знешняй палітыцы, «ніякіх кампрамісаў не дасягнута, і сустрэча лідараў Расіі і ЗША на дадзены момант не плануецца».
«Мы абмяркоўвалі не канкрэтныя фармулёўкі або рашэнні, а сутнасць. Абодва бакі бачаць вялікія перспектывы супрацоўніцтва», — сказаў ён і дадаў, што перамовы былі «канструктыўныя, вельмі карысныя і змястоўныя».
Візіт у Маскву з’яўляецца часткай аднаўлення намаганняў ЗША з новым мірным прапанаваннем. «Адміністрацыя настроена вельмі аптымістычна», — заявіла напярэдадні сустрэчы прэс-сакратарка Белага дома Кэролін Лівітт.
А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначаў, што чакае справаздачы ад Уіткофа і Кушнера пасля іх перамоў з Пуціным.
Сам Пуцін у гэты час яшчэ раз заявіў, што яго войскі захапілі ключавы ўкраінскі горад Пакроўск. Папутна ён абвінаваціў еўрапейскіх лідараў у «перашкоджанні» прапановам Трампа і ў тым, што яны «на баку вайны».
Сустрэча з украінскай дэлегацыяй
У выходныя Уіткоф, Кушнер і дзяржаўны сакратар Марка Рубіо правялі перамовы ў Фларыдзе з высокапастаўленым прадстаўніком украінскіх сілавікоў. Пасля гэтага абодва бакі заявілі, што яшчэ належыць выканаць значную працу.
«Гэта далікатнае пытанне. Гэта складана», — заявіў Рубіо пасля шматгадзінных перамоў з украінскімі службовымі асобамі.
Выданне адзначыла, што ў панядзелак Зяленскі наведаў Парыж, каб заручыцца падтрымкай еўрапейскіх лідараў. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што «сёння няма канчатковага мірнага плана, пра які можна было б гаварыць», і паўтарыў, што любыя тэрытарыяльныя рашэнні павінен прымаць Кіеў.
Дырэктар па Еўропе кансалтынгавай кампаніі Eurasia Group Муджтаба Рахман лічыць, што перамовы з Макронам і іншымі еўрапейскімі лідарамі «накіраваныя на дэманстрацыю еўрапейскай падтрымкі пазіцыі Кіева».
Ён дадаў, што «хуткае спыненне агню застаецца малаверагодным, нягледзячы на перамовы пад кіраўніцтвам ЗША», паколькі чакаецца, што РФ і Украіна «працягнуць манеўраваць у пошуках выгадных умоў спынення агню, якія будуць непрымальнымі для другога боку».
Чаму перамовы зайшлі ў тупік
«Да гэтага часу здзелка, на якую магла б пагадзіцца Масква, была непрымальнай для Кіева, і наадварот, што загнала перамовы ў тупік адносна таго, як пакласці канец вайне», — канстатавала выданне.
Журналісты разважаюць, што спробы ЗША выступіць пасярэднікам у ўрэгуляванні паміж РФ і Украінай на працягу года нагадвалі дыпламатычны «дзень сурка» — цыкл, у якім кожны ўсплёск актыўнасці завяршаўся адмовай Крамля саступіць яго максімалісцкім патрабаванням.
«Цяпер адміністрацыя Трампа, у якой, мякка кажучы, няпростыя адносіны з Зяленскім, імкнецца скарыстацца нарастаючымі праблемамі Кіева, каб аднавіць перамовы на ўмовах, больш выгадных для Масквы», — адзначыла экспертка Еўразійскага цэнтра Карнегі Таццяна Становая.
«Бягучыя перамовы набылі іншы тон. Улічваючы нежаданне Захаду ўступаць у вайну на баку Украіны, размова цяпер сканцэнтравана на тым, якую цану Кіеў будзе вымушаны заплаціць за спыненне баявых дзеянняў», — лічыць аналітык.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці заявіў WP, што занепакоены тым, што Крэмль пашле Уіткофа назад «з контрпрапановай, з якой ён праваліцца і прадставіць як выгадную здзелку».
«А расіяне зробяць гэта, каб гэты мучыцельны працэс не спыняўся», — лічыць ён.
Крыніца выдання дадала, што яшчэ больш верагодна, што Пуцін паспрабуе вярнуцца да першапачатковых 28 пунктаў, якія змянілі ўкраінцы.
«І тады ўсё проста разваліцца», — канстатаваў чыноўнік.