«Праз пяць хвілін жонка нясе тую ж купюру таму ж касіру — і плямы ўжо няма»
- 3.12.2025, 10:42
Беларус расказаў, як у банку не прынялі долары для абмену.
Карыстальнік TikTok расказаў і паказаў, як не змог абмяняць даляравую банкноту ў адным з банкаў. Прычына — пляма, якая перавышае дапушчальныя ліміты. Тым часам банкі працягваюць абмяркоўваць адзіныя правілы па абмене валюты.
Відэа тыктокера пачынаецца з пытання касірцы ў касе банка, чаму яна не бярэ валюту для абмену.
— Таму што ў вас пляма больш за сантыметр — пункт 1,6, згодна з нашымі прыкметамі. У вас адна візуальная пляма больш за 1 см, — адказала касірка. — Паводле гэтых прыкмет гэтую купюру мы ўзяць не можам.
На ўдакладняльнае пытанне, дзе можна памяняць банкноту, прадстаўніца фінустановы адказала:
— Пытайцеся ў нейкіх іншых банках альбо за мяжой. У нашым банку таксама вы можаце здаць гэтую купюру на інкасацыю.
— Што гэта значыць? — удакладніў тыктокер.
— Камісія спаганяецца 8%. Гэта паслуга толькі ў галоўным аддзяленні (населенага пункта. — Заўв. рэд.).
— Дык быў жа ўказ Лукашэнкі… — дадаў мужчына.
Нагадаем, 9 верасня Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі банкаў звяртаў увагу на тое, што ў беларусаў узнікаюць цяжкасці з абменам валюты — «то старыя долары не прымаюць, то навязваюць паслугі». «Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна пацягне дысцыплінарную адказнасць кіраўніка банка», — адзначаў Лукашэнка.
Банкі з 1 кастрычніка змянілі патрабаванні да праверкі замежных грошай пад ультрафіялетам. Цяпер банкноты з плямамі будуць прызнавацца плацежаздольнымі і прымацца для абмену. Аднак ветхія купюры па-ранейшаму трэба здаваць на інкасацыю, адзначалі раней у Нацбанку. Пасля гэтага банкі сталі актыўна зніжаць камісію пры абмене пашкоджаных банкнот — у асноўным да 5% ад сумы (але ёсць мінімум — на ўзроўні 5−10 рублёў).
Гэта відэа ў TikTok выклікала абмеркаванне. Вось некаторыя каментары, якія пакінулі пад ім:
«Мая мама купіла 100 долараў у банку, а потым гэты ж банк не хацеў іх назад прымаць — выратавала толькі выпіска».
«Захаджу ў банк прадаць 100 еўра — кажуць, што пляма. Праз 5 хвілін жонка нясе тую ж купюру таму ж касіру — і плямы ўжо няма».
«У Польшчы ў абменніках смяюцца і пытаюцца: а што, старыя долары ў вас — не грошы?»
«У «Беларусбанк» лепш не насіць. Любая камерцыйная — і ўсё нармальна».
«Папрасіце кнігу скаргаў — і адразу ўсё мяняецца».
«А як можа быць унутранае правіла вышэй за закон?»
«Нацбанк казаў, што прымаюць усе купюры, калі яны свецяцца ў ультрафіялеце. А плямы — гэта пытанне плацежаздольнасці».