Пасля атакі дронаў у Тамбоўскай вобласці РФ палае нафтабаза
- 3.12.2025, 8:52
Пажар бачны здалёк.
У ноч на 3 снежня ў расійскай Тамбоўскай вобласці гучалі выбухі. Была атакаваная чарговая нафтабаза: там успыхнуў пажар.
Пра гэта паведаміў Telegram-канал Exilenova+ на падставе геалакаваных відэакадраў з месца падзей. Факт траплення вымушаныя былі пацвердзіць мясцовыя ўлады.
Што вядома
У Exilenova+ правялі OSINT-аналіз відэа, знятага жыхарамі Тамбоўскай вобласці РФ з пажарам, што ўзнік пасля атакі, і прыйшлі да высновы, што на кадрах зафіксаваны працяг украінскай кампаніі па знішчэнні нафтагазавай інфраструктуры, якая дапамагае агрэсару працягваць вайну супраць Украіны.
«Дмітрыеўка, Тамбоўская вобласць. Была атакаваная нафтабаза, мясцовыя ўлады пацвярджаюць», — адзначана ў паведамленні.
З заявай пра тое, што начныя выбухі не абышліся без наступстваў, выступіў губернатар Тамбоўскай вобласці Яўген Первышоў. Паводле яго версіі, расійскую нафтабазу падпалілі ўсюдыісныя «абломкі».
«У ноч на 3 снежня на нафтабазе ў Тамбоўскай вобласці адбылося ўзгаранне пасля падзення абломкаў БПЛА тэрарыстычнага кіеўскага рэжыму. На месца аператыўна прыбылі пажарныя разлікі і прадстаўнікі праваахоўных органаў. Прыцягнутыя ўсе неабходныя сілы і сродкі», — напісаў расійскі чыноўнік.
У незалежным расійскім выданні ASTRA ўдакладнілі: пад атакой знаходзілася Нікіфараўская нафтабаза АО «Тамбовнефтепродукт» у населеным пункце Дмітрыеўка.
У рэгіёне яшчэ на зыходзе мінулых сутак абвясцілі рэжым «дронавай небяспекі», таксама спынялі працу мясцовага аэрапорта.
А вось у расійскім Мінабароны зрабілі выгляд, што ў Тамбоўскай вобласці гэтай ноччу нічога не адбывалася. У пераліку расійскіх рэгіёнаў, над якімі «збілі 102 украінскія БПЛА», Тамбоўская вобласць не згадваецца.