Пуцін даручыў пачаць круглагадовы прызыў у армію
- 29.12.2025, 21:20
Дыктатар РФ плануе накіраваць да месцаў службы 261 000 расіян.
Уладзімір Пуцін падпісаў першы ўказ аб круглагадовым прызыве на ваенную службу ў 2026 годзе, у адпаведнасці з якім плануецца прызваць і накіраваць да месцаў службы 261 000 грамадзян. Дакумент, апублікаваны на афіцыйным партале нарматыўна-прававых актаў, прадпісвае ажыццявіць прызыў грамадзян ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў на працягу ўсяго каляндарнага года — з 1 студзеня па 31 снежня 2026 года, паведамляе The Moscow Times.
Пры гэтым адпраўка прызыўнікоў у войскі, як і раней, будзе праходзіць у дзве хвалі — з 1 красавіка па 15 ліпеня і з 1 кастрычніка па 31 снежня. Адначасова павялічаны тэрмін яўкі ў ваенкамат па электроннай павестцы: цяпер ён складае 30 дзён з моманту яе размяшчэння ў адпаведным рэестры замест ранейшых 20.
Акрамя таго, указ прадугледжвае звальненне салдат, матросаў, сяржантаў і старшын, у якіх скончыўся ўстаноўлены тэрмін службы.
Закон аб круглагадовым прызыве быў падпісаны Пуціным у лістападзе. Як сцвярджаюць аўтары паправак — кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картапалаў і яго першы намеснік Андрэй Красоў, — новыя меры дазволяць раўнамерна размеркаваць нагрузку на ваенкаматы і павысіць якасць прызыву. У той жа час праект «Ідзіце лесам» адзначаў: новы фармат азначае пастаянную актыўнасць ваенкаматаў, што стварае ўмовы для бесперапыннага правядзення аблаваў, уручэння павестак і ціску на прызыўнікоў цягам усяго года.
Падпісанне ўказа супала з завяршэннем восеньскай прызыўной кампаніі. Як паведаміла 29 снежня Мінабароны РФ, за час восеньскага прызыву, які праходзіў з 1 кастрычніка, у войскі былі накіраваны 135 тысяч навабранцаў. Такім чынам, гэтая кампанія стала найбольш буйной з 2016 года, калі прызвалі 152 тысячы чалавек, а таксама за ўвесь перыяд паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Для параўнання, восенню 2022 года ў армію прызвалі 120 тысяч чалавек, у 2023-м — 130 тысяч, а ў 2024-м — 133 тысячы. Мінабароны адзначыла, што ў ходзе восеньскага прызыву ўпершыню выкарыстоўваўся Адзіны рэестр вайсковага ўліку, які «падцвердзіў сваю эфектыўнасць».