У Бярозе арыштаваны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства
- 29.12.2025, 18:28
Яго абвінавачваюць у атрыманні больш за 80 хабароў.
Кіраўнік прадпрыемства ў Бярозе каля сямі гадоў штомесяц атрымліваў хабары. Яму ўдавалася б гэта і далей, бо праваахоўнікі пра схему не ведалі.
Як высветлілася, яе раскрыли былыя саўдзельнікі ўжо былога дырэктара. Гэта муж і жонка, якія займаюць пасады дырэктара і бухгалтара прыватнай фірмы.
Спосаб незаконнага ўзбагачэння аказаўся максімальна простым, паведамляе СК Брэсцкай вобласці.
Дырэктар штомесяц атрымліваў грошы за заключэнне і працягненне дамовы арэнды памяшкання і аплату плацяжоў.
Прадстаўнікі прыватнай фірмы атрымлівалі дзяржаўныя грошы за арэнду ўласнага памяшкання. Іх бухгалтарка траціла іх на камунальныя паслугі.
З астатняй сумы яна па дамоўленасці брала сабе $210, а астатняе перадавала дырэктару прадпрыемства праз яго сваякоў.
Такім чынам, з 2018 года ён атрымаў «адкатамі» больш за Br200 тыс. або больш за 80 хабароў.
Пасля расповеду жанчыны праваахоўнікі праверылі яе словы і пацвердзілі факты атрымання хабароў.
Аднак сам былы кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства віну ў злачынстве не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.
Па выніках расследавання яму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора да яго прымянілі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
А вось з дырэктарам і бухгалтаркай, якія ва ўсім прызналіся, нічога не зрабілі. За добраахвотнае раскрыццё інфармацыі і дапамогу ў раскрыцці злачынства іх вызвалілі ад адказнасці.