У Расіі хаваюць звесткі пра ўдзельнікаў вайны ва Украіне
- 29.12.2025, 13:13
Гэтая сістэма атрымала назву ОДОК.
Выданне «Важныя навіны» выявіла, што ў Расіі ў рэестр ЗАГС убудавалі механізм, які дазваляе хаваць любыя звесткі пра ўдзельнікаў вайны. Гэтая сістэма атрымала назву ОДОК — апрацоўка дадзеных асаблівай катэгорыі. Яе стварыла кампанія «Мікорд», якая таксама ўдзельнічае ў распрацоўцы адзінага рэестра вайсковага ўліку.
ОДОК дазваляе схаваць з рэестра ЗАГС звесткі «ахоўваемых асоб» — у гэтую катэгорыю трапляюць людзі, якія лічацца аб'ектамі дзяржаўнай аховы, пераважна чыноўнікі. Сістэма дазваляе хаваць і звесткі пра ўдзельнікаў вайны з Украінай. Хто менавіта можа ініцыяваць утаенне звестак, невядома.
З-за механізму выдалення некаторыя сем'і ўдзельнікаў вайны з Украінай не могуць атрымаць выплаты на дзяцей або патрэбныя даведкі. На праблемы карыстальнікі рэестра скардзяцца ў зваротах да «Мікорда».