Дажылі
- 29.12.2025, 12:48
Расія вязе нам малако і сала.
Дажылі... Расія вязе нам малако і сала. Беларусь – краіна, якую дзесяцігоддзямі прадстаўлялі як аграрны бастыён, раптам выявіла сябе ў ролі стабільнага пакупніка чужой ежы. Малако, мяса, сала, пяльмені, маянэз – цяпер гэта лягчэй завезці, чым вырабіць, піша «Беларусы і рынак».
Беларусь доўга жыла ў утульнай карцінцы. Вёска – аснова, фермы – гонар. Бульба – нацыянальны прадукт. Карцінка была зручнай, справаздачнай і тэлевізійнай. Эканоміка пад ёй рыпела, але рып заглушалі лозунгамі. Калі стала цяжэй, выявілася, што міф не вытрымлівае рэальнасці.
Малочныя рэкі перасохлі першымі
Беларускае малако – брэнд і культ. Паводле дакументаў яго шмат, паводле прэзентацый яшчэ болей. Але кароў менш, людзей менш, моладзь у вёску не ідзе, сабекошт расце. У выніку малако стала тым самым прадуктам, які лягчэй і выгадней купіць, чым сумленна вырабіць.
На фоне пастаянных размоў пра беларускую аграрную моц выглядае асабліва востра, што Беларусь сапраўды павялічвае імпарт малочнай прадукцыі з Расіі.
Паводле афіцыйных даных, аб’ём паставак расійскага малака ў Беларусь у 2025 годзе дасягнуў каля 19,4 тыс. тон, што амаль на 13,7 % больш, чым летась. Гэта каля 13,6 % усяго экспарту расійскай малочнай прадукцыі, і Беларусь займае 2-е месца па аб’ёме закупак сярод замежных рынкаў пасля Казахстана (прыкладна 63,9 тыс. тон).
Сала ў Беларусі стала мала
У 2025 годзе Расія працягнула выкарыстоўваць беларускі рынак як асноўны канал збыту сала — прадукту, які яшчэ нядаўна ў беларускіх размовах быў сінонімам «свайго» і «хатняга».
Паводле профільных аналітыкаў, за дзевяць месяцаў 2025 года Беларусь закупіла ў Расіі больш за 10 000 тон сала на суму амаль 15 млн долараў ЗША – гэта больш, чым у аналагічны перыяд 2024 года, калі пастаўкі былі ніжэйшыя па аб’ёме і кошце. Рост склаў прыкладна 4 % па вазе і 29 % па грошах у параўнанні з мінулым годам (студзень–верасень).
Што асабліва паказальна – на Беларусь прыпадае каля 80 % усяго экспарту расійскага сала на замежныя рынкі, што робіць яе галоўным імпарцёрам гэтага прадукту для РФ. То бок не Кітай, не краіны Азіі, а Беларусь – ключавы пакупнік амаль усяго расійскага сала. Гэта дынаміка выглядае балюча і парадаксальна ў кантэксце заяў аб беларускай аграрнай самадастатковасці.
на Беларусь прыпадае каля 80 % усяго экспарту расійскага сала
Калі краіна з «моцнымі гаспадарнікамі» пачынае завозіць сала, значыць размовы пра самастойнасць можна акуратна згарнуць.
Свінарства выціскалі гадамі. Прыватніка прыціснулі, фермы ўкрупнілі, кіраванне ператварылі ў папяровы спорт. Вынік лагічны: свайго не стае, чужое трапляе на паліцы без лішняга шуму.
Пра бульбу ходзяць анекдоты
Каб у Беларусі скончылася бульба – гэта выклікала здзіўленне ў многіх. Гэта ж беларускі міфалагічны аб’ект. Нацыянальны сімвал. Аснова выжывання, а цяпер і анекдотаў.
І вось тут здараецца асабліва няёмкі момант. У 2025 годзе бульба раптам перастала быць фонам жыцця і стала дэфіцытам. Колькі было разносоў, абурэння і правяральнікаў, якія рыскалі ў пошуках, куды «бульба» выпарылася. Закупаць давялося, як яблыкі ў Польшчы.
Але ўрад РБ ужо адрапартаваў, што ў 2026 годзе бульбы будзе дастаткова. Ураджай ёсць, паводле справаздач усё нармальна. Што будзе з цэнамі — вясной убачым. Пра якасць бульбы маўчалі, а значыць і цэны могуць пусціцца ў пляс да сезону. І зноў давядзецца завозіць. З Расіі таксама.
А выснова такая: калі краіна, якую дзесяцігоддзямі вучылі ганарыцца бульбай, пачынае вырашаць пытанне бульбы імпартам, гэта ўжо не пра надвор’е і не пра сезон. Гэта пра сістэмны правал кіравання сельскай гаспадаркай.
Расія бачыць Беларусь як рынак збыту
Пакуль у Мінску працягвалі гаварыць пра харчовую бяспеку, у Маскве зрабілі прагматычны вывад:
Беларусь – топавы рынак збыту. У 2025 годзе краіна апынулася сярод найбуйнейшых пакупнікоў расійскіх безалкагольных напояў, каўбас і гатовых мясных прадуктаў.
Хітрыя бізнесоўцы скемілі, што пахне грашыма, і спіс пашырыўся да поўнага супермаркета:
селядзец, пяльмені, свініна, сала, марожанае, шакалад, вафлі, ікра, шампіньёны, малако, сліўкі, маянэз. Пра бульбу таксама не забудуць.
Але ўзнікае пытанне – дзе тут «сваё»? Дзе той хвальны рост усяго-ўсяго, і чаму на фоне змяншэння насельніцтва Беларусі і росту, не стае элементарных харчовых прадуктаў? Адказ просты – сістэма, завастрыная пад справаздачы і лаяльнасць, аказалася няздольнай забяспечыць нават базавыя прадукты. І з ростам канкурэнцыі сітуацыя будзе пагаршацца, хто б ні маляваў вясёлкавыя планы.