BE RU EN

Беларускі рынак пакідае адзін з найстарэйшых інвестараў з Германіі

  • 29.12.2025, 12:21

Кампанія не бачыць перспектыў.

Robert Bosch, які ўваходзіць у топ‑10 найбуйнейшых прамысловых кангламератаў Германіі і які з’яўляецца адным з найстарэйшых і да нядаўняга часу найбольш лаяльных замежных інвестараў, закрывае свой бізнес у Беларусі. У найлепшыя гады беларускі рынак штогод прыносіў яму да 100 млн долараў выручкі. Найлепшыя гады для Robert Bosch у Беларусі скончыліся з пачаткам вайны ва Украіне і санкцыямі. І вось, як даведаўся Plan B, беларуская «дачка» Robert Bosch, якая называецца «Роберт Бош», падала на ліквідацыю. Працэс стартаваў напрыканцы гэтага лета, падводзячы рысу пад больш як 30‑гадовай гісторыяй працы нямецкай групы ў Беларусі.

З шрубавёртамі і любоўю да дзяржаўнага сектара

Прамысловы кангламерат Robert Bosch, які ў Германіі ўваходзіць у топ‑10 найбуйнейшых па абароце і колькасці супрацоўнікаў кампаній, з’явіўся на беларускім рынку ў першай хвалі замежных інвестараў. Амаль адначасова з «землякамі» з Commerzbank, Carl Zeiss, Fielmann. Яшчэ да Лукашэнкі — у 1993 годзе.

Спектр інтарэсаў мясцовай «Роберт Бош» у Беларусі ахопліваў некалькі напрамкаў шматпрофільнай групы. За трыццаць гадоў «Роберт Бош» стварыла сетку прыкладна з 80 франчайзінгавых сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні аўтамабіляў і па продажы запасных частак. Праз дылераў кампанія наладзіла рэалізацыю электраінструментаў, ацяпляльных катлоў і бытавой тэхнікі. Прабавала лакалізаваць вытворчасць фірмовых пыласосаў на заводзе «Midea-Гарызонт».

Значную частку ў сукупнай выручцы нямецкай групы на беларускім рынку заўсёды фармаваў дзяржаўны сектар.

Robert Bosch выйшаў на канвееры Мінскага маторнага завода, МАЗа, БелАЗа, МТЗа, «Гомсельмаша», «Амкадора» і іншых вядучых машынабудаўнічых прадпрыемстваў з паліўнай, гідраўлічнай і іншай камплектацыяй. Паводле дзяржаўных кантрактаў кампанія паставіла сістэму відэаназірання на чыгуначны вакзал «Мінск-Пасажырскі» і сістэму пакрыцця арэны для Беларускага дзяржаўнага цырка, а таксама абсталёўвала хакейныя стадыёны да мінскага чэмпіянату свету 2014 года.

Бяз перспектыў?

У 2022 годзе кіраўніцтва Robert Bosch абвясціла, што спыняе пастаўкі не толькі ў Расію, але і ў Беларусь. Пазней немцы таксама запатрабавалі ад мясцовых франчайзі дэмантаваць фірмовыя шыльды і лагатыпы, пагражаючы фінансавымі прэтэнзіямі.

«Дачка» Robert Bosch, як адна з валаўтваральных вытворчасцей недружалюбнай краіны, лагічна трапіла ў беларускі чорны спіс, які забараняе такім уласнікам продаж мясцовых актываў.

Туды ж увайшлі яшчэ звыш 1,8 тыс. юрыдычных асоб. Але з першай да-лукашэнкаўскай хвалі інвестараў Robert Bosch, уласна, адзін з апошніх, хто вырашыў паставіць кропку ў афіцыйных камунікацыях з мясцовымі кліентамі. Рынак Беларусі да гэтага часу ўжо пакінулі і Carl Zeiss, і Fielmann, і Commerzbank.

Афіцыйных заяў пра сыход Robert Bosch з Беларусі не прагучала. Наўрад ці яны прагучаць. І наўрад ці, калі ўсё ж прагучаць, будуць дарэчныя адсылкі да вайны ва Украіне праз чатыры гады.

Хутчэй, сыход — гэта ацэнка экспертамі кампаніі перспектыў беларускага рынку.

А яны такія, што месца на ім для Robert Bosch і іншых заходніх бізнесаў ужо няма. Усё — ад пральных машын да перфаратараў — занята кітайскімі карпарацыямі. Усюды адбываецца тое самае, што і, напрыклад, на аўтамабільным рынку.

Адзін з найважнейшых кліентаў Robert Bosch (і на канвееры, і на другасным рынку) — Volkswagen Group — амаль дваццаць гадоў быў лідарам па пастаўках у Беларусь новых аўтамабіляў. Па выніках 2024 года VW выпаў нават з топ‑10.

З «заходнікаў» летась у ім (на 7‑м месцы) заставаўся толькі Audi — яшчэ адзін кліент Robert Bosch. І вельмі вялікая верагоднасць, што і гэтага вытворцу па выніках адыходзячага года мы там больш не ўбачым.

Апошнія навіны