BE RU EN

Якія законы запрацуюць у Беларусі ў 2026 годзе

  • 29.12.2025, 10:45

З'явіцца адзіная медыцынская картка і зменяцца нормы рабочага тыдня.

Штогод у Беларусі змяняецца заканадаўства, і 2026-ы не стане выключэннем.

Новыя законы і правілы датычацца, у тым ліку, продажу рыбы і «ювеліркі», абслугоўвання шматкватэрных дамоў і аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам, піша tochka.by.

Акрамя таго, урад устанавіў нормы рабочых тыдняў і дні адпачынку ў 2026 годзе.

Вызначаны нормы рабочых тыдняў у 2026 годзе

Мінпрацы і сацабароны ўстанавіла нормы па рабочых тыднях у новым годзе.

Так, для пяцідзённага рабочага тыдня з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю норма складзе 2024 гадзіны.

А для шасцідзённай з выходным у нядзелю гэты паказчык не павінен перавышаць 2019 гадзін.

У 2025-м нормы складалі 2007 і 2010 гадзін адпаведна.

Названы дні адпачынку ў новым годзе

Савмін вызначыў, калі будуць доўгія выходныя ў 2026 годзе.

Навагоднія канікулы чакаюць беларусаў з 1 па 4 студзеня (з чацвярга па нядзелю). Пры гэтым Раство ў праваслаўных будзе ў сераду, 7 студзеня.

Такія ж доўгія (чатырохдзённыя) выходныя будуць з 18 па 21 красавіка (з суботы па аўторак).

Пры гэтым працоўны дзень 20 красавіка (панядзелак) пераносіцца на суботу, 25 красавіка.

Адпачываць тры дні запар будзем у маі, ліпені і снежні 2026 года.

На жаль, 8 сакавіка, 9 мая і 7 лістапада ў 2026-м прыпадаюць на календарныя выходныя.

Уводзяцца агульныя медкарткі для ўсіх пацыентаў

У студзені 2026 года Мінздароўя плануе запусціць цэнтралізаваную інфармацыйную сістэму аховы здароўя.

Дзякуючы ёй пацыенты атрымаюць адзіныя электронныя медыцынскія карты агульнага ўзору, а таксама доступ у асабісты электронны медкабінет.

Картку чалавеку створяць аўтаматычна ў паліклініцы па месцы жыхарства. У яе ўнясуць усе звесткі пра яго як пацыента.

На думку распрацоўшчыкаў сістэмы, гэта дазволіць пазбегнуць сітуацыі, калі розныя медустановы краіны заводзяць аднаму і таму самому грамадзяніну розныя медкарткі, калі ён да іх звяртаецца ў той ці іншы перыяд свайго жыцця.

Лекар зможа атрымліваць усе патрэбныя даныя з такой агульнай медкарткі, незалежна ад горада, дзе жыве пацыент, і месца сваёй працы.

А самому чалавеку праз асабісты лічбавы кабінет адкрыецца доступ да інфармацыі пра яго здароўе і меддакументы ў электронным выглядзе. Акрамя таго, праз кабінет ён зможа запісвацца на прыёмы да лекараў.

З'явіцца таксама адзіная сістэма, якая збярэ вынікі ўсіх лабараторных даследаванняў чалавека. Пры гэтым не мае значэння, ці здаў ён аналізы ў прыватнай або дзяржаўнай медустанове.

Цяпер цэнтралізаваная інфасістэма аховы здароўя працуе ў тэставым рэжыме.

Уводзяцца правілы продажу рыбы на рынках

З 1 лютага пачнуць дзейнічаць ветэрынарныя правілы Мінсельгасхарчу для рыбы, якая рэалізуецца на рынку.

Правілы ўстанаўліваюць патрабаванні да прадукцыі, якую прадаюць фізічныя асобы, што не з'яўляюцца ІП.

Акрамя таго, дакумент рэгулюе правядзенне экспертызы такога тавару.

У прыватнасці, у правілах сказана, што жывая рыба не павінна мець механічных пашкоджанняў, прыкмет захворванняў. Дапускаюцца раненні на ніжняй і верхняй сківіцах пры кручковым лове, нязначнае пачырваненне паверхні ў выніку механічных удараў.

Тады як, напрыклад, ракоў з прыкметамі іржавых плям і перафарацый панцыра прадаваць на рынках нельга.

Патрабаванні правілаў не распаўсюджваюцца на гатовую кулінарную рыбную прадукцыю.

Пашыраецца сфера дзейнасці мабільных аператараў

З 23 красавіка аператары сотавай сувязі атрымаюць магчымасць выдаваць грамадзянам спажывецкія мікрапазыкі без закладу ў безнаяўнай форме.

Максімальная сума пазыкі складае 200 базавых велічынь (у 2026-м гэта Br9000) у разліку на аднаго атрымальніка на дзень заключэння дагавора.

Пры гэтым маладым людзям ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў для заключэння дагавора спажывецкай мікрапазыкі патрэбна пісьмовая згода аднаго з законных прадстаўнікоў.

Усе арганізацыі, якія маюць права займацца мікрафінансаваннем у Беларусі, уключаныя ў спецрэестр Нацбанка.

Абнаўляюцца санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да жылых дамоў

З 1 мая ўступяць у сілу новыя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні Мінздароўя да ўтрымання і эксплуатацыі жылых дамоў.

Так, калі ў шматкватэрным доме адбылася якая-небудзь аварыя (напрыклад, у сістэме водазабеспячэння, каналізацыі або ацяплення дапаможных памяшканняў), яе наступствы павінны быць ліквідаваныя на працягу сутак. Раней акрэсліваўся толькі тэрмін ліквідацыі самой аварыі.

Акрамя таго, сказана, што з 23:00 да 07:00 у шматкватэрных жылых дамах нельга выконваць пагрузачна-разгрузачныя працы. Выключэнне — збор і вываз цвёрдых камунальных адходаў.

У пад'ездах і падвалах дамоў, згодна з новымі правіламі, не дапускаецца наяўнасць безнаглядных і дзікіх жывёл, у тым ліку птушак, сінантропных грызуноў і насякомых. Атрымліваецца, што трымаць там бяздомных катоў і сабак, каб іх падкормліваць, будзе нельга.

У дапаможных памяшканнях, ліфтах, агульнадаступных балконах і лоджыях, казырках над уваходамі ў пад'езды, прыямках такіх дамоў не павінна быць адходаў, сцёкавых вод, рэшткаў жывёл або старонніх прадметаў.

Што да прыдамовай тэрыторыі шматкватэрнага дома, яе таксама трэба ўтрымліваць у чысціні. На ўваходзе ў дом павінны стаяць урны для збору адходаў, ляжаць рашоткі або іншыя прылады для чысткі абутку.

Сканчваецца продаж «ювеліркі» ў інтэрнэце

З 30 чэрвеня юрыдычныя асобы і ІП больш не змогуць прадаваць беларусам ювелірныя вырабы праз інтэрнэт-крамы.

Як паведамляла Tochka.by, гаворка ідзе пра рэалізацыю ювелірных вырабаў, вырабленых у Беларусі, якія прамаркіраваныя кодамі ідэнтыфікацыі.

Магчымасць такога продажу з'явілася ў фірмаў і прадпрымальнікаў з 1 сакавіка 2025 года. Усе прадаўцы павінны мець спецыяльны дазвол (ліцэнзію).

Апошнія навіны