Сустрэча Трампа і Зяленскага: першыя заявы
- 28.12.2025, 22:32
Прэзідэнты ЗША і Украіны вядуць перамовы ў Мар-а-Лага.
У рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Фларыдзе пачалася чацвёртая сёлета сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
Бакі абмяркоўваюць абноўленую версію «мірнага плана» па ўрэгуляванні вайны РФ з Украінай. Перад сустрэчай Трампа і Зяленскага амерыканскі прэзідэнт пагаварыў па тэлефоне з дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным.
У пачатку сустрэчы Трамп сустрэў Зяленскага на ганку свайго маёнтка, яны разам сфатаграфаваліся.
Трамп заявіў, што верыць, што і Пуцін, і Зяленскі хочуць заключыць здзелку. «Я думаю, што яны абодва [настроены на мір]», — дадаў ён.
Амерыканскі прэзідэнт таксама адзначыў, што паміж бакамі будзе заключана пагадненне аб гарантыях. «У нас будзе выдатная сустрэча сёння», — лічыць Трамп.
Па выніках сустрэчы Трамп паабяцаў патэлефанаваць Уладзіміру Пуціну. Ён выказаў меркаванне, што Расія нібыта цэніць пасярэдніцтва Злучаных Штатаў ва ўкраінскім урэгуляванні.
Зяленскаму задалі пытанне, ці гатовы ён пайсці на тэрытарыяльныя саступкі. Ён не адказаў на пытанне напрамую, а адзначыў, што пытанне тэрыторый ёсць у падрыхтаваным камандамі Украіны і ЗША мірным плане з 20 пунктаў. «Так, мы будзем абмяркоўваць і гэтыя моманты таксама», — адказаў прэзідэнт Украіны.
Па здзелцы няма дэдлайнаў, дадаў Трамп. «Мой дэдлайн — гэта пакласці канец гэтай вайне», — падкрэсліў кіраўнік Белага дома.
Для Украіны будуць прадугледжаныя эканамічныя выгоды, таксама заявіў амерыканскі прэзідэнт. Ён нагадаў, што краіне належыць маштабнае аднаўленне, і пры гэтым яна мае значныя рэсурсы.
Перамовы цяпер — на фінальным этапе, заявіў Трамп. «Альбо гэты канфлікт завершыцца, альбо ён будзе працягвацца яшчэ вельмі доўгі час, і будуць забітыя яшчэ мільёны людзей. Ніхто гэтага не хоча», — сказаў Трамп.
Пасля гэтага лідары адправіліся для далейшых перамоваў за зачыненымі дзвярыма. Пры гэтым Трамп прапанаваў журналістам перакусіць у чаканні вынікаў перамоваў. «Выведзіце іх на вуліцу. Скажыце шэф-кухару. Дайце ім крыху ланча, добра? Дзякуй вам, прэса», — сказаў Трамп.