Беларуска паказала «сюрпрыз» унутры цукерак «Камунаркі»
- 28.12.2025, 22:09
Фотафакт.
Пакупка салодкага для мінчанкі абярнулася расчараваннем і сапсаваным апетытам. Жанчына набыла папулярныя цукеркі ад «Камунаркі» ў фірмовай краме, аднак знайшла ў іх нечаканы інгрэдыент. Яна падзялілася фатаграфіямі знаходкі ў сацсетках, перадае «Зеркало».
Карыстальніца Threads распавяла, што 26 снежня зайшла ў гандлёвы цэнтр «Сталіца». Там у фірмовай кропцы «Камунаркі» яна набыла цукеркі «Беларуская бульба». Кошт — каля 50 рублёў за кілаграм.
Аднак у начынні пад пластом шакаладу кліентку чакала непрыемная знаходка. Судзячы з апублікаваных здымкаў, у кандытарскі выраб трапіў доўгі цёмны валас.
— 50 беларускіх рублёў за кг за валасы ў цукерках, — абурана падпісала здымкі пакупніца.
У каментарах карыстальнікі паспачувалі аўтарцы і адзначылі, што гэта, верагодна, такі «варыянт мадных цукерак». Сама мінчанка выказала меркаванне, што за апошнія пару гадоў якасць прадукцыі прадпрыемства моцна ўпала, назваўшы тое, што адбываецца, «адмоўным ростам».