У Reuters адзначылі ключавы момант сустрэчы Зяленскага і Трампа
- 28.12.2025, 13:14
Магчымыя рознагалоссі.
Падчас сённяшняй сустрэчы ў Фларыдзе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сутыкнуцца з сур'ёзнымі рознагалоссямі па ключавых пунктах мірнага плана.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Агенцтва нагадала, што ў ноч на суботу, 27 снежня, Расія атакавала Украіну сотнямі беспілотнікаў і дзесяткамі ракет. Зяленскі назваў гэта адказам Масквы на мірныя перамовы, якія вядуцца пры пасярэдніцтве ЗША.
Украінскі прэзідэнт паведаміў журналістам, што падчас сустрэчы з Трампам ён плануе абмеркаваць лёс Данбаса, а таксама будучыню Запарожскай атамнай электрастанцыі і іншыя тэмы.
Масква неаднаразова патрабавала, каб Украіна аддала ўвесь Данбас, уключаючы тэрыторыі, якія яшчэ знаходзяцца пад кантролем Сіл абароны. А расійскія чыноўнікі таксама пярэчылі супраць іншых частак апошняй прапановы.
Як адзначае Reuters, гэта выклікае сумневы, ці прыме расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін вынікі перамоў у Фларыдзе.
Раней Зяленскі заявіў, што спадзяецца змякчыць прапанову ЗША аб поўным вывадзе ўкраінскіх войскаў з Данбаса. У адваротным выпадку, паводле слоў украінскага лідара, мірны план з 20 пунктаў — вынік доўгіх перамоў — павінен быць вынесены на рэферэндум.
Сустрэча Зяленскага і Трампа ў Фларыдзе адбудзецца пасля працяглых дыпламатычных намаганняў. Еўрапейскія саюзнікі часам заставаліся ўбаку ад працэсу, але актывізавалі працу па вызначэнні контураў пасляваенных гарантый бяспекі для Кіева, якія былі б падтрыманыя ЗША.
Кіеў і Вашынгтон узгаднілі многія пытанні, план з 20 пунктаў гатовы на 90%. Аднак тэрытарыяльнае пытанне застаецца нявырашаным.
Зяленскі, папярэднія сустрэчы якога з Трампам не заўсёды праходзілі гладка, падзяляе асцярогі еўрапейскіх лідараў, што Трамп можа здрадзіць Украіне, пакінуўшы еўрапейскія дзяржавы аплачваць рахункі за падтрымку спустошанай вайной краіны.
Reuters таксама ўказвае, што 19 снежня Пуцін заявіў, што мірнае пагадненне павінна грунтавацца на ўмовах, якія ён вылучыў у 2024 годзе: вывад украінскіх войскаў з усіх тэрыторый Данбаса, Запарожскай і Херсонскай абласцей, а таксама адмове Украіны ад уступлення ў НАТА.
Украінскія чыноўнікі і еўрапейскія лідары папярэджваюць, што, калі Расія дасягне поспеху адносна Украіны, у будучыні яна можа атакаваць краіны — чальцы Альянсу.