BE RU EN

Андрэй Войніч: Беларусы — гэта сапраўдныя героі

  • 28.12.2025, 11:30

Нядалёкі час, калі мы будзем назіраць падзенні закасцянелых рэжымаў.

Якім быў 2025 год? На што спадзявацца ў 2026-м? Хто галоўныя героі сыходзячага года?

Пра гэта сайт Charter97.org спытаў экс-палітвязня, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Войніча:

— У сыходзячым годзе практыка паказала, што санкцыі супраць беларускай эканомікі працуюць даволі паспяхова. З дапамогай санкцый і наступных перамоваў з рэжымам можна ўплываць на рэпрэсіўны апарат. Аднак Лукашэнка выпускае менш, чым садзіць; закладнікаў ён набірае даволі актыўна.

Але сама практыка паказвае, што, калі наладзіць гэты працэс больш граматна і бескампрамісна, то рэпрэсіі ў Беларусі спыніць можна.

З падзеяў сусветнага ўзроўню — сёлета, як даміношкі, пачалі падаць рэжымы сяброў нашага вождзя. Гэта Асад у Сірыі, гэта стульчык, які хістаецца пад Мадура.

І ва ўсім свеце пачаліся змены ў лепшы бок у гэтым сэнсе. Думаю, нядалёкі той час, калі мы будзем назіраць падзенні больш буйных і больш закасцянелых рэжымаў.

— З якімі надзеямі вы ўваходзіце ў надыходзячы Новы год?

— Уваходжу ў надыходзячы год з надзеяй на тое, што ў нашай цудоўнай Беларусі скончыцца гэты абсурд, які адбываецца апошнія 30 гадоў. Напэўна, гэта мая самая галоўная надзея.

— Хто для вас галоўныя героі сыходзячага года?

— Галоўным героем сыходзячага года, калі персаналізаваць, я назваў бы ўсё ж такі Мікалая Статкевіча. Гэта беларус з вялікай літары, які паказаў свой характар, зламаў сістэму, чым чарговы раз даказаў, што беларусы — вельмі моцны народ. Калі не персаналізаваць, дык гэта, напэўна, усе беларусы, увесь беларускі народ, які ламаюць-ламаюць, але зламаць не могуць і ніколі не змогуць.

Толькі беларусы ў самай крытычнай сітуацыі могуць так падтрымліваць іншых. І гэтая падтрымка не спыняецца. І гэта людзі, якія будуць змагацца проста да апошняга.

Беларусы, на мой погляд, — гэта сапраўдныя героі. Я вельмі ганаруся тым, што я беларус, і ганаруся кожным прадстаўніком нашага народа.

Апошнія навіны